Беларускія жывёлаводы намацалі «залатую жылу». Аляксандр Лукашэнка вывучыў кропкі росту і даручыў паскорыцца
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 13 сакавіка зрабіў рабочую паездку ў Дрыбінскі раён Магілёўскай вобласці. У гэтай паездцы было адразу некалькі аспектаў. Першы – вытворчы. Гэта развіццё мясной і малочнай жывёлагадоўлі, нарошчванне племяннога пагалоўя. Патрэбнасці ў гэтым ёсць як унутры краіны, так і за мяжой. А значыць, гэта добры экспартны патэнцыял.


Другі аспект, можна сказаць, вынікае з першага – гэта сацыяльна–эканамічнае развіццё тэрыторый, і Дрыбінскага раёна ў прыватнасці. Сам раённы цэнтр – Дрыбін – мае статус гарадскога пасёлка з насельніцтвам усяго каля 3 тыс. чалавек. І гэта самы малы райцэнтр у краіне. Аляксандр Лукашэнка ўспомніў, як раней яму неаднаразова прапаноўвалі скасаваць гэты раён, падзяліўшы тэрыторыі паміж суседнімі. Але Прэзідэнт не пайшоў на гэты крок, бо адміністрацыйны статус усё ж такі дае населенаму пункту пэўныя перавагі.
Цяпер стаіць задача, і гэта галоўная мэта прыезду Прэзідэнта, напоўніць раён з эканамічнага пункту гледжання – гэта вытворчасці, работа для людзей, а ў рэшце рэшт – інвестыцыі, падатковыя паступленні і магчымасці для развіцця. Эканоміка Дрыбінскага раёна ў асноўным мае аграрны профіль, і кіраўнік дзяржавы вырашыў азнаёміцца з пунктамі росту менавіта ў гэтай сферы.
У час рабочай паездкі Аляксандр Лукашэнка і чыноўнікі, якія яго суправаджалі, не раз звярталіся да карт, дзе абазначаны межы раёна, наяўныя на яго тэрыторыі сельгаспрадпрыемствы. Абмяркоўвалі, як маштабаваць напрацаваны паспяховы вопыт. І рабіць гэта ў тым ліку на землях суседніх раёнаў. Таму не выключана, што кампактны Дрыбінскі раён можа ў перспектыве прырасці калі не ў плане адміністрацыйных межаў, то як мінімум за кошт пашырэння гаспадарчай дзейнасці. Як тут не ўспомніць паспяховы прыклад агракамбіната «Дзяржынскі», які працуе пад Мінскам і які па меры свайго развіцця набыў актывы ў шэрагу раёнаў Мінскай вобласці, стаўшы вялікім вытворцам у маштабах не толькі рэгіёна, але і краіны ў цэлым.



«Я вам прапаную з губернатарам падумаць аб развіцці Дрыбінскага раёна. Можа, кавалак Шклоўскага (падключыць да рэалізацыі праектаў. – Заўвага БЕЛТА). І зрабіць нармальны раён. Але землі ўзяць цэлымі гаспадаркамі», – сказаў Прэзідэнт.
Адна з кропак росту, якую намацалі ў Дрыбінскім раёне, – гэта мясная жывёлагадоўля і, у прыватнасці, развядзенне племяннога пагалоўя. Аляксандр Лукашэнка пабываў на племянным заводзе па развядзенні БРЖ герафордскай пароды. Гэта частка вялікага рэспубліканскага праекта Белплемжыўаб'яднання. За пяцігодку яны разлічваюць нарасціць пагалоўе па краіне ўдвая. Да гэтага падключаны племзаводы ў пяці абласцях краіны (усіх, акрамя Мінскай). «Мы будзем пашырацца. З 5 тыс. мы зробім 10 тыс. (размова пра колькасць племяннога пагалоўя. – Заўвага БЕЛТА) да 2030 года», – далажыў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Юрый Горлаў.



Самае галоўнае, што ў гэтай справе ёсць і добры экспартны патэнцыял, попыт за мяжой. І гэта датычыцца не толькі племяннога пагалоўя, але і мясной жывёлагадоўлі ў цэлым. Апошнія гады большы акцэнт у Беларусі рабілі на малочным напрамку, але і якасная ялавічына – гэта таксама вельмі прыбытковая справа. Галоўнае ўсё падлічыць, каб не памыліцца. З улікам гэтых акцэнтаў Аляксандр Лукашэнка арыентуе хутчэй дзейнічаць у рэалізацыі намечаных планаў.
«Такімі тэмпамі – пад 18 працэнтаў рэнтабельнасць – і пры такім попыце не займацца – гэта злачынства», – сказаў ён.
«Трэба ім зялёную вуліцу, калі ёсць попыт на гэту прадукцыю. Экспарт для нас – гэта важнейшае пытанне. Калі ёсць попыт, трэба пастарацца туды ўскочыць, – падкрэсліў беларускі лідар. – Нам трэба ў Дрыбін укладвацца. Мужыкі тут могуць працаваць. У гэтым плане мы дапаможам. Павінен быць парадак і жалезная дысцыпліна. Гэта залежыць ад кіраўніка».


Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што гэта можа быць перспектыўным напрамкам у краіне ў цэлым, але пачынаць, папярэдне ўсё падлічыўшы, ён прапануе перш за ўсё з Віцебскай вобласці. У гэтым сапраўды ёсць рацыя, улічваючы глебава–кліматычныя ўмовы паўночнага рэгіёна Беларусі, якія менш прыдатныя для ўтрымання высокапрадукцыйнага малочнага статка. А вось для мяснога напрамку ёсць усё неабходнае. Ды і капітальныя затраты на інфраструктуру пры гэтым значна меншыя.
«Малако цяпер прыбыткова, рэнтабельна. Трэба і ялавічыну зрабіць такой жа рэнтабельнай. Добры напрамак. Калі ёсць попыт, чаго не развіваць. Трэба вельмі сур'ёзна ва ўрадзе гэта прадумаць. Нам трэба вызначыцца, дзе мы яшчэ пабудуем комплексы. І каб яны былі запоўнены», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Другім пунктам маршруту кіраўніка дзяржавы ў час рабочай паездкі ў Дрыбінскі раён стаў МТК ААТ «Трылесіна–агра».Комплекс, куды прыехаў Прэзідэнт, нядаўна рэканструявалі. У бягучым годзе плануецца пачаць рэканструкцыю другога МТК, які ёсць у гаспадарцы. Тут Аляксандру Лукашэнку далажылі і аб планах па развіцці малочнай жывёлагадоўлі ў маштабе Магілёўскай вобласці. Увогуле плануецца да 2030 года пабудаваць і рэканструяваць 83 МТК. І ў гэтым пытанні ў рэгіёне ідуць з апярэджаннем.

Прэзідэнт папярэдзіў, што не павінна быць ніякага бюракратызму з праектна–каштарыснай дакументацыяй, зборам узгадненняў і подпісаў. «Каб бюракратызму гэтага не было. Звярні ўвагу на гэту бюракратыю. Таму што яны, кіраўнікі, больш за ўсё крыўдзяцца на тое, што немагчыма нічога пабудаваць, трэба ехаць да губернатара, прасіць там. Вазьмі гэта на кантроль жалезна», – даручыў Аляксандр Лукашэнка кіраўніку Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрыю Крутому.
Прэзідэнт запэўніў, што дзяржава гатова падставіць фінансавае плячо ў рэалізацыі тых ці іншых праектаў, але галоўная ўмова – яны павінны быць акупныя. «Мы вам дадзім грошы ў доўг. Не разлічвайце, што мы вам дадзім грошы і забудзем», – папярэдзіў ён.


І яшчэ адзін прынцыповы момант, на які заўсёды звяртае ўвагу кіраўнік дзяржавы, – цвёрдае выкананне дысцыпліны. Без гэтага не можа быць ні парадку, ні тэхналагічнасці, ні высокіх даходаў, ні ў рэшце рэшт эфекту ў рэалізацыі любых намечаных праектаў. «Дысцыпліна – гэта аснова любога тэхналагічнага працэсу. Гэта не таму, што Лукашэнка – «дыктатар». Дысцыпліну нам дыктуе тэхналогія. Калі яе няма – мы такія грошы ўклалі і ўсё загубім, ніякай тэхналогіі не будзе», – заўважыў ён у размове з журналістамі.

Гэта, падкрэсліў Прэзідэнт, элементарныя патрабаванні, для якіх не патрэбна дадатковых фінансавых затрат: «Ты павінен своечасова прыйсці, пайсці і выканаць тыя аперацыі, якія патрабуе тэхналогія. Не будзе гэтага (дысцыпліны. – Заўвага БЕЛТА) – бяда».
Аляксандр Лукашэнка таксама заявіў, што цяпер пачынаецца новы этап у патрабаваннях па падтрыманні дысцыпліны.
Переводчик