Прыём грамадзян правёў сёння ў Магілёўскім аблвыканкаме Леанід Заяц. Са сваімі пытаннямі да кіраўніка рэгіёна звярнулася чатыры чалавекі.

Так, пенсіянер Аляксей Захаранка з Чавус расказаў пра праблемы з электразабеспячэннем у доме, дзе ён пражывае. Як аказалася, лінія электраперадач 1976 года пабудовы не вытрымлівае нагрузкі мікрараёна Ялавое, электрапрыборы працуюць няўстойліва, а таму няма магчымасці падключыць электрычныя катлы ацяплення. Каб не змерзнуць, людзі нарыхтоўваюць на халодны перыяд дровы. Леанід Заяц даручыў РУП «Магілёўэнерга» адшукаць фінансавыя сродкі і ў бягучым годзе правесці рэканструкцыю лініі, што вырашыць праблемы ацяплення адразу 40 дамоў.

Алена Каляснёва і Людміла Папкова звярталіся ад імя жыхароў новых дамоў у аграгарадку Буйнічы. У 2015 годзе ім прададзены з аўкцыёну і прадастаўлены як маючыя патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў зямельныя ўчасткі пад індывідуальнае жылое будаўніцтва. Пры гэтым Магілёўскім райвыканкамам былі дадзены абяцанні ў найбліжэйшай перспектыве ўладкаваць інжынерна-транспартную інфраструктуру і падключыць электра- і водазабеспячэнне. Аднак да гэтага часу ўсё застаецца толькі на словах у сувязі з абмежаваным фінансаваннем.

Леанід Заяц даў даручэнні адказным службам разабрацца з сітуацыяй і да канца 2020 года забяспечыць жылыя дамы электрычнасцю і вадой. З выездам на месца і ўлікам стварэння бяспечнай дарогі для дзяцей, якія ідуць у школу, прапрацаваць пракладку неабходнай людзям дарогі. Што ж тычыцца газазабеспячэння, спатрэбіцца ўзаемадзеянне ў вырашэнні гэтага пытання: магістральную газавую трубу могуць правесці за бюджэтныя сродкі, а ўласнікі ўкладуцца ў газаправод непасрэдна да свайго дома.

Падчас прыёму таксама падымаліся тэмы захавання санітарных нормаў на тэрыторыі гаражных масіваў Магілёва, заканадаўства пры рэалізацыі інвестыцыйных дамоваў на тэрыторыі вобласці.