RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Рэгіянальны форум «Беларусь адзіная» адбыўся ў Магілёве. Пра што гаварылі эксперты падчас дыскусіі

Рэгіянальны форум «Беларусь адзіная», прысвечаны Году народнага адзінства, стартаваў ў Брэсце 20 жніўня і ўжо аб’яднаў сотні ўдзельнікаў па ўсёй краіне. Сёння гасцей прымаў Магілёў. Дыскусія адбылася ў Беларуска-расійскім універсітэце.

Удзельнікамі трохгадзіннай сустрэчы сталі вядучыя эксперты Беларусі: дэкан факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ Вадзім Гігін, палітолагі Аляксандр Шпакоўскі і Аляксей Дзермант, аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Аляксей Аўдонін і кіраўнік Цэнтра чалавечага развіцця і дэмаграфіі Інстытута эканомікі НАН Беларусі Анастасія Баброва. Яны абмеркавалі з актывам рэгіёна –ідэолагамі, старшынямі гаррайсаветаў дэпутатаў, прадстаўнікамі экспертнай супольнасці, кіраўнікамі грамадскіх арганізацый, рэгіянальных СМІ, прадпрыемстваў, моладдзю – палітычныя падзеі ў краіне і знешнія выклікі.

Безумоўна, падчас мерапрыемства гучала пытанне надання УНС канстытуцыйнага статусу. І тут ёсць дылема аб прынцыпах фарміравання Усебеларускага народнага сходу. Частка членаў камісіі прапануе просты механізм: УНС будзе складацца толькі з дэпутатаў усіх узроўняў. Другая пазіцыя –акрамя дэпутацкага корпуса ў абавязковым парадку трэба ўключаць у склад дэлегатаў прадстаўнікоў аўтарытэтных устаноў, грамадскіх аб’яднанняў, палітычных партый, буйных працоўных калектываў. Бо ў іншым выпадку меркаванні многіх грамадзян з актыўнай пазіцыяй не будуць пачутыя.

Асаблівую ўвагу падчас форуманадалі новаму дзяржаўнаму святу –Дню народнага адзінства. Удзельнікі мерапрыемства сышліся ў меркаванні, што абраная для яго дата, 17 верасня, калі адбылося ўз’яднанне заходніх і ўсходніх земляў Беларусі, адлюстроўвае факт гістарычнай справядлівасці.

Мабыць, адна з самых ажыўленых дыскусій датычылася перспектыў палітычнай трансфармацыі. У Беларусі на сённяшні дзень зарэгістравана 15 партый, аднак дзейнасць пераважнай большасці незаўважная. Таму прысутныя абмеркавалі, наколькі важнай з’яўляецца роля партый у цяперашніх умовах і сышліся ў меркаванні, што палітычная канкурэнцыя важная і будзе захоўвацца, але партыйнае будаўніцтва павінна абапірацца на актыўнасць і ініцыятыўнасць саміх грамадзян.

Адметнай асаблівасцю дыскусіі ў Магілёве стаў эканамічны блок. Таксама абмяркоўвалася неабходнасць актыўнай прапаганды канцэпцыі сацыяльнай адказнасці бізнесу. Была ўзнята праблема канкурэнтаздольнасці нацыянальнага кантэнту, упарадкавання інтэрнэту як пляцоўкі.

«Такія сустрэчы –гэта асаблівы жанр, які зарадзіўся менавіта з ініцыятывы рэгіёнаў, – адзначыў дэкан факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ Вадзім Гігін. – 9 жніўня была гадавіна прэзідэнцкіх выбараў, 17 верасня – наша новае свята, Дзень народнага адзінства. І ў гэты прамежак часу вырашылі аб’ехаць рэгіёны, правесці шэраг мерапрыемстваў з палітычным актывам. Гэта тыя людзі, якія ўцягнуты ў грамадскія працэсы, лідары грамадскай думкі, тыя, хто працуе ў калектывах арганізацый і прадпрыемстваў. Тыя, хто перажыў удар няпростага жніўня мінулага года, – з імі мы гаворым аб прычынах таго, што адбылося, што адбываецца цяпер, аб планах на будучыню», – канстатаваў ён.

Паводле слоў Вадзіма Гігіна, такія сустрэчы даюць магчымасць абмеркаваць найважнейшыя пытанні, з якімі сутыкнулася сучасная Беларусь. «Вялікі блок для абмеркаванняў –палітычны. У кожным рэгіёне ёсць свая спецыфіка, але агульны пасыл –захаванне незалежнасці і суверэнітэту нашай краіны, як перамагчы ў гэтай няпростай барацьбе за Беларусь. Супраць нас заходнія партнёры вядуць гібрыдную вайну. Усе абставіны гэтых падзей мы абмяркоўваем. Гэта не лекцыі, не семінары, а ў нейкім сэнсе вучоба. Таму што эксперты тут таксама вучацца. Бо чалавек з рэгіёна ведае лепш падзеі на месцах», – падкрэсліў ён.

Заключны форум «Беларусь адзіная» пройдзе 10 верасня ў сталіцы. Відавочна, дыялогі ў такім фармаце папулярныя і атрымліваюць добры водгук. Не выключана, што яны перарастуць у асобны інфармацыйны праект.

Вольга Емельянава, фота Галіны Гаўрыловіч

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая