35 кіламетраў бездаражы і амаль тысяча ўдзельнікаў — «МотаМасленіцу» адзначаць у Магілёўскім раёне
Свята «МотаМасленіца» збярэ аматараў хуткасці і драйву 21 лютага ў аграгарадку Сідаравічы Магілёўскага раёна. Плануецца, што імпрэзу наведаюць каля тысячы чалавек. Арганізатары чакаюць удзельнікаў з Беларусі, Расіі і Казахстана.
На «МотаМасленіцы» будзе прадстаўлена тэхніка розных фарматаў: рарытэтныя савецкія матацыклы – «Днепр», «Урал», «Іж» з каляскай, сучасныя спартыўныя кросавыя двухколавыя, а таксама байкі, квадрацыклы, пазадарожнікі, снегаходы і нават аэрасанкі.
Свята стартуе з 35-кіламетровага заезду па бездаражы - маршрут пабудаваны па лясных і палявых сцежках. Для ўдзелу ў ім ужо зарэгістравалася больш за сотню транспартных сродкаў, а гэта амаль 300 чалавек. Як правіла, людзі са сваімі жалезнымі конямі далучаюцца да экстрэмальнага марш-кідку і ў дзень правядзення мерапрыемства – арганізатары ініцыятыву толькі вітаюць.
Пасля праходжання маршруту ўдзельнікі і гледачы сустрэнуцца ў аграгарадку Сідаравічы, дзе разгорнуцца шырокія масленічныя гулянні. У праграме — аматарская матагонка, канцэртная праграма і традыцыйныя народныя забавы: перацягванне каната, распілоўванне бервяна, кіданне валёнка і, вядома ж, конкурс паядання бліноў на хуткасць. Пад канец дня ўсіх чакае зачаравальнае фаер-шоу і спальванне 10-метровага пудзіла Масленіцы.
Арганізатары прадугледзелі смачныя і бясплатныя пачастункі - на свяце разгорнуцца дзве палявыя кухні. Для гасцей мерапрыемства падрыхтуюць не менш як 150 літраў наварыстай юхі са стронгі, 150 кілаграм сытнай грачанай кашы з ялавічынай, 600 румяных бліноў і вялізную бочку гарачай гарбаты.
Яўген Асадчы, адзін з арганізатараў свята, расказаў, што фестываль «МотаМасленіца» рэгулярна праводзіцца з 2016 года. Яго фармат нікога не пакідае абыякавым, таму кожны раз расце колькасць гледачоў і ўдзельнікаў:
— Заўсёды хацелася нашыя беларускія традыцыі і святы не толькі захоўваць, але і ўзбагачаць, дадаючы ў іх крыху сучаснасці. Ідэя «МотаМасленіцы» ў тым, каб пасябраваць і мінулае, і сапраўдныя — людзям гэта падабаецца. А яшчэ гэта вельмі дынамічны і рухавы фестываль. Удзельнікі з задавальненнем прымаюць прапанову пракаціцца па бездаражы: дзесьці самі могуць затрымацца, дзесьці іншым дапамогуць выбрацца - увогуле, атрымліваюць мора драйву і дадатных эмоцый. У выніку стомленымі, але задаволенымі прыязджаюць на пікнік, каб абмеркаваць заезд і пагутарыць, смачна паесці, паўдзельнічаць у народных забавах і спаліць Масленіцу. Кожны этап відовішчны і запамінальны.
Переводчик