ААТ «Горкілен» робіць стаўку на інвестыцыі і навуку
На ранніх этапах лён расце павольна, таму якасная хімпраполка пасеваў крытычна важная
Сярод ільнозаводаў рэспублікі па прыбытку, ураджайнасці і выхаду валакна ААТ «Горкілен» традыцыйна ў ліку лідэраў. Летась горацкія льнаводы атрымалі рэкордныя 11 тысяч тон ільнотрасты: плюс 70 працэнтаў да ўзроўню 2024–га. Задача — вырасціць як мага больш доўгага валакна, а потым яго якасна перапрацаваць. Скора будзе ўстаноўлена новая машына для трапання льняной трасты коштам каля 3 мільёнаў рублёў. Горацкія льнаводы падкрэсліваюць: выкананне тэхналогій гарантуе прыбытак, магчымасць інвесціраваць у развіццё.

Якасная хімпраполка пасеваў льна–даўгунца крытычна важная, бо на ранніх этапах лён расце павольна і моцна прыгнятаецца пустазеллем. «Гаркілен» – гэта 2 тысячы гектараў плошчаў, 19 палёў па ўсім раёне.
Галоўны аграном Руслан Шардыка на пасадзе – два месяцы. Досвед працы на сельгаспрадпрыемствах у яго ёсць, але практыкі па лёне не было:
— Дапамагае парадай наш вопытны кіраўнік Віталь Еўціховіч, заўсёды на сувязі з аграномамі іншых ільнозаводаў. Мы заключылі дагавор з Інстытутам лёну на навуковае суправаджэнне: вучоныя наведваюць нашы палі, даюць рэкамендацыі па апрацоўках. Апрацоўка лёну – высокатэхналагічны працэс, які патрабуе строгага захавання аграноміі, бо культура адчувальная да пагодных умоў. Памылкі ў выбары гербіцыдаў або тэрмінах апрацоўкі могуць прывесці да моцнага прыгнёту ўсходаў, рэзкага зніжэння ўраджайнасці і пагаршэнню якасці льновалакна ці насення.
Механізатары збіраюцца ў пяць раніцы, каб заправіць тэхніку і выехаць у палі. Пры спёцы растворы хутка выпараюцца, а актыўныя рэчывы могуць абпальваць лісце. Механізатар Дзмітрый Абакановіч зараз заняты на хімпраполцы, але ў цэлым задзейнічаны на розных відах палявых работ: у перадпасяўной апрацоўцы глебы, на сяўбе, уборцы ўраджаю, прэсаванні і гэтак далей. Працуе Дзмітрый ужо 10 гадоў, таму добра ведае, у чым сэнс прымаўкі «Лён любіць паклон»:
– Мінулы сезон быў цяжкім для ўборкі, ішлі дажджы, але мы не лічыліся з выхаднымі, а толькі з надвор'ем. Тут жа наш заробак. Прадпрыемства развіваецца, закупляе новую тэхніку, у нас добрая мехмайстэрня.
Яго напарнік Юрый Якубоўскі дапаўняе, што пасевы лёну трэба адчуваць:
– У нас устаноўлена рух, каб не было ні перакрыццяў пры хімапрацоўцы пасеваў, ні агрэхаў, але вокам усё роўна трэба кантраляваць. Задача перад намі стаіць такая: выгадаваць як мага больш доўгага валакна, якое каштуе ў разы даражэй. У нас годны заробак. Калі прыйшоў у «Горкілен», мне далі інтэрнат. Я ўжо купіў кватэру.

Галоўны аграном Руслан Шардыка адзначае, што таксама зараз вядзецца падбор палёў пад ураджай–2027:
– Каб атрымаць якаснае валакно, трэба падабраць палі па кіслотнасці і папярэднікам. Лён вельмі адчувальны да падвышанай кіслотнасці, аптымальны ph – 5,0 – 6,2. Вяртаць яго на ранейшае поле можна толькі праз 5–7 гадоў. Лён – адзін з лепшых папярэднікаў у севазвароце для збожжавых культур. Мы акультурваем палі, апрацоўваем гліфасатзмяшчальнымі прэпаратамі, выраўноўваем паверхню і контур, уносім угнаенні, таму пасля нас аграрыі атрымліваюць на гэтых участках добрыя ўраджаі.
Вырошчваюць горацкія льнаводы пяць гатункаў лёну–даўгунцу, з іх два беларускія – «рубеж» і «малахіт». Усе яны маюць розныя тэрміны паспявання, гэта дае магчымасць рабіць уборку ў аптымальныя тэрміны. Што да адказу на пытанне аб відах на ўраджай, у ААТ «Горкілен» кажуць: надвор'е падладжвацца пад нас не будзе, стаўку можна рабіць толькі на дыктатуру тэхналогій.
Переводчик