Абласны этап рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта «Уладар вёскі» пройдзе 19 чэрвеня ў Быхаве. Пра гэта расказалі ў Магілёўскім абласным камітэце грамадскага аб'яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі».

На галоўнай плошчы горада збяруцца сем'і–пераможцы раённых этапаў з усіх рэгіёнаў Магілёўскай вобласці. Менавіта ім трэба будзе пазмагацца за права прадстаўляць Магілёўшчыну на рэспубліканскім фінале, які па традыцыі адбудзецца ў ліпені ў аграгарадку Александрыя ў рамках свята «Купалле» («Александрыя збірае сяброў»).

Паводле слоў арганізатараў, праграма абласнога этапа пачнецца з ускладання кветак да мемарыяла воінскай славы «Лудчыцкая вышыня»: «Гэта даніна павагі гераічнаму мінуламу нашай Радзімы, выхаванне ў моладзі пачуцця патрыятызму і сувязі пакаленняў».

Падчас спаборніцтваў сям'і прапануюць свае падворкі і адкрыюць таямніцы кулінарнага майстэрства. Не абыдзецца без дэманстрацыі талентаў. У гэтым складальніку ўдзельнікі прэзентуюць сямейныя каштоўнасці і культурны код беларускай вёскі.

Завершыцца мерапрыемства ўрачыстым узнагароджаннем пераможцаў і ўсіх удзельнікаў, бо кожная сям'я ўжо ўпісала сваё імя ў гісторыю праекта.

Дарэчы, у абласным этапе ўдзельнічаюць сем'і з дзецьмі, дзе хаця б адзін з мужа і жонкі не старэйшыя за 31 год, з'яўляецца членам ГА «БРСМ», сям'я пастаянна пражывае і працуе ў сельскай мясцовасці не менш за два гады, вядзе асабістую гаспадарку падсобную гаспадарку. Менавіта такія сем'і – апора беларускай вёскі, захавальнікі традыцый і рухавікі прагрэсу.

Даведачна: «Уладар вёскі» – гэта яркае пацвярджэнне дзяржаўнай палітыкі, накіраванай на ўмацаванне інстытута сям'і, падтрымку моладзі і развіццё сельскіх тэрыторый. Праект, які з 2007 года аб'ядноўвае найлепшыя сем'і Беларусі, зноў даказвае: сяло жыве, працуе і стварае будучыню краіны.

Рэд.