Менш за два месяцы засталося да XXXIII Дня беларускага пісьменства — 5–6 верасня Касцюковічы стануць сталіцай адной з галоўных культурных падзей краіны. І невыпадкова свята пройдзе менавіта тут: Касцюкоўшчына – радзіма цэлай плеяды вядомых беларускіх літаратараў. Тут нарадзіліся Аркадзь Куляшоў, Іван Чыгрынаў, Алесь Пісьмянкоў і іншыя майстры слова.


Мы прагуляліся па горадзе і паглядзелі, як ідзе падрыхтоўка. Пакуль гэта не фінальны вынік, а толькі прамежкавы этап вялікага абнаўлення.

Ужо прыкметна змянілася цэнтральная плошча ля райвыканкама – тут выкладзена новая плітка. Зусім хутка яе дапоўняць новы фантан і скульптурная кампазіцыя «Алесь і Алеся», створаная паводле твора Аркадзя Куляшова.

Маштабныя змены чакаюць і Касцюковіцкі краязнаўчы музей. Пасля капітальнага рамонту ён стане адной з галоўных пляцовак свята: тут адкрыюцца новыя экспазіцыі, прысвечаныя знакамітым землякам, а наведвальнікі ўбачаць унікальныя рукапісы, асабістыя рэчы пісьменнікаў і рэдкія літаратурныя рэліквіі.


Каля музея рэканструююць Алею Герояў. Побач знаходзіцца экспазіцыя баявой тэхнікі пад адкрытым небам: да самалёта Су–24М перанеслі танкі, БМП, артылерыйскія гарматы і іншую тэхніку, якая раней размяшчалася на асобнай пляцоўцы каля музея.

Да свята яшчэ ёсць час, таму работы працягваюцца. Але ўжо сёння бачна: Касцюковічы становяцца яшчэ больш утульнымі і сучаснымі. І гэта, мабыць, важная спадчына Дня беларускага пісьменства – свята пройдзе, а ўсё, што ствараецца сёння, застанецца жыхарам горада на доўгія гады.


 mogilevnews.by