Ужо ў гэтыя выхадныя, 5–6 верасня, Касцюковічы прымуць эстафету Дня пісьменства. Праграма шырокая. Гэта не толькі знаёмства гасцей з эканамічным, культурным патэнцыялам раёна, яго здабыткамі. Свае павільёны разгорнуць галоўныя бібліятэкі краіны. Ідуць апошнія падрыхтаванні перад стартам.

Прэзентацыя рарытэтных выданняў з фондаў бібліятэк Беларусі. Сустрэчы з вядомымі пісьменнікамі і праца тэматычных павільёнаў. Касцюковічы рыхтуюцца прыняць Дзень пісьменства.

Прысвяціць сябе служэнню мастацтву стала пакліканнем для магілёўскага скульптара Аляксандра Мінькова. Гаворыць, што працаваць над кампазіцыяй «Алесь і Алеся», якая ўпрыгожыць пляцоўку Дня пісьменства, было адно задавальненне. Па–першае, быццам ажылі радкі Аркадзя Куляшова. Па–другое, карані бацькоўскія таксама з Касцюковічаў. Праз гады перададзены культурны код.


Аляксандр Мінькоў, скульптар, г. Магілёў: ​​«Сама геаграфія прадыктавала: адтуль родам Куляшоў (з Касцюкоўшчыны), знакамітыя вершы, прысвечаныя Алесі, яго першае каханне, ён яе шукаў. І як любы юнак, напісаў вершы «Алеся». І гэта аснова песні «Песняроў» знакамітых, на ўсю Беларусь праслаўлена. А калі я даведаўся, што Куляшоў такія складаныя вершы пра каханне напісаў у 15 гадоў, само сабой усё выйшла».

На радзіме знакамітых радкоў на ўсю моц ідзе падрыхтоўка да прыёму гасцей. Раённая бібліятэка патанае ў кветках, захавальнікі яе фондаў без перабольшання лічаць гэты край літаратурнай сталіцай рэгіёна. Нават свой літаратурны фестываль ёсць – «Пісьмянкоў луг» (па прозвішчы вядомага пісьменніка–земляка). Заўсёды праходзіць з аншлагам.

Святлана Федасенка, дырэктар ДУК «Бібліятэчная сетка Касцюковіцкага раёна»: «XXXIII Дзень беларускага пісьменства. Мы таксама прымаем у ім удзел. Для нашых чытачоў і гасцей горада мы падрыхтавалі літаратурную выставу – буклукі на творы нашых пісьменнікаў і паэтаў Касцюкоўшчыны. Не кожная зямля можа ганарыцца такой колькасцю таленавітых людзей».

Багаты раён і на сучасных аўтараў, якім ёсць што расказаць гасцям. Напрыклад, аб роднай зямлі.

Перамяніўся і сам горад. З'явіліся паэтычныя прыпынкі грамадскага транспарта з цытатамі вядомых землякоў.

Ажывае і цэнтр горада, які стане галоўнай канцэртнай пляцоўкай Дня пісьменства. Тоны святла, гуку. Глядзельная зала ўжо гатова да прыёму гасцей.

Дзень пісьменства кожны год мяняе сваю геаграфію, але не ідэю – у слова па–ранейшаму галоўная сіла. Друкаваныя выданні, выдавецкія дамы разгорнуць свае лакацыі. У праграме прэзентацыя кніг, у тым ліку рэдкіх, конкурс юных чытачоў, фестываль кнігі і прэсы, спартыўная інтэрактыўная пляцоўка.


Дзяніс Язерскі, намеснік міністра інфармацыі Беларусі: «Разынкай, на мой погляд, сёлета стане аб'яднаны вялікі музей рэдкай кнігі, які прыедзе сюды і будзе займаць больш за 300 кв. м у спецыяльна пабудаваным павільёне на цэнтральнай плошчы. У адным месцы госці фестывалю змогуць убачыць усе каштоўнасці, іншага слова не падбяру, звязаныя з кнігадрукаваннем нашай краіны».

Любы ўдзельнік свята знойдзе ў Касцюковічах свайго аўтара і кнігу даспадобы.

Відэа

news.by