Рыхтуй сані летам, а тэхніку - зімой. Менавіта гэтаму прынцыпу прытрымліваюцца аграрыі. Яны разумеюць, наколькі важна загадзя адрамантаваць і падрыхтаваць да сезона свае машыны. Недзе ёсць неабходнасць і замяніць адзінкі ў аўтапарку.

Мадэрнізацыю агракомплексу працягвае Магілёўская вобласць. У 2026 годзе рэгіён плануе абнавіць парк сельгасмашын яшчэ на 10%. Нагадаем, мінулы сезон стаў рэкордным: у гаспадаркі вобласці паступіла больш за 1 700 адзінак новай тэхнікі. Спісы на гэты год яшчэ фарміруюцца, але ўлады ўпэўнены, што аб'ём будзе не меншы. Першыя машыны пачалі паступаць у раёны.

Гэта трактар 2015 года выпуску - машына з вялікім прабегам. Барахліць рухавік. Аляксандр Дубяга ведае, як запусціць матор. За 40 гадоў працы ён вярнуў да жыцця паўтысячы рухавікоў.

Аляксандр Дубяга, слесар-матарыст прадпрыемства «Круглянскі аграпрамтэхзаб»:

- Гэта трактар наш, «Беларус-3022», рухавік «дойцаўскі». Прабіла пракладку, мы яе мяняем. Звазілі ў рамонт, зараз пракладку ставім. Праз пару дзён і запусцім.

Такіх «дзядкоў» у палях Магілёўскай вобласці з кожным годам становіцца ўсё менш. І праект мадэрнізацыі, ініцыяваны Прэзідэнтам, ператварыў райаграсэрвісы ў ключавы інструмент падтрымкі аграрыяў. Тэхнічнае пераўзбраенне і стварэнне на іх базе мехатрад даюць відавочныя вынікі.

Толькі летась аўтапарк прадпрыемства «Круглянскі аграпрамтэхзаб» абнавілі на 60%. Цяпер у ім энерганасычаныя трактары, 17 новых МАЗаў і цэлы арсенал спецмашын. Ад кормаўборачных камбайнаў да тэхнікі для работы з глебай. Абнаўленне аўтапарка напрамую ўплывае на эканоміку ўсяго прадпрыемства.

Віктар Шчупленкаў, дырэктар прадпрыемства «Круглянскі аграпрамтэхзаб»:

- Выпрацоўка складала недзе 90 тысяч на чалавека, то ўжо ў 2025 годзе выпрацоўка на аднаго чалавека склала 179 тысяч. Гэта ў разы вырасла.

Да канца месяца ў гаспадарку прыбудуць пяць энерганасычаных трактароў і два «Амкадоры». Кожная адзінка працуе на эканоміку раёна. 28 тысяч гектараў раллі з сярэднім балам глебы 36 - гэта магутны патэнцыял. Каб узяць ад гэтых земляў па максімуме, раней не хапала сучаснага тэхнічнага забеспячэння. Цяпер гэты разрыў паміж жаданнямі аграрыяў і іх магчымасцямі прыкметна скараціўся.

ctv.by