Першарадная ўвага - маладняку, у радзільным - электраацяпленне

У ААТ «Горацкае» аднайменнага раёна 1648 галоў дойнага статка. Ільвіная доля - 1280 - змяшчаецца на двух сучасных малочнатаварных комплексах. На МТК «Красуліна» самы высокі паказчык па гаспадарцы сярэдняга надоя на адну карову за мінулы год - 8406 кілаграмаў. Гэта сучасны аб'ект, дзе створаны ўсе ўмовы як для жывёл, так і для абслуговага персаналу. Таму ніякія маразы не страшныя.


У памяшканнях заўсёды чыста і суха. Адмысловая ўвага надаецца маладняку. У радзільным аддзяленні дзейнічае сістэма электраацяплення. Тэмпература ўсярэдзіне памяшканняў рэгулюецца аўтаматычна ў залежнасці ад тэмпературы вонкавага паветра. На МТК «Сянькова» радзільнае аддзяленне ацяпляецца дровамі, там маладняку таксама заўсёды камфортна.

Нядаўна на МТК «Красуліна» ўшаноўвалі лепшых працаўнікоў. Сярод іх - аператар машыннага даення Анжэла Пыркіна.

- Яна ў нас працуе брыгадзірам, - распавёў галоўны заатэхнік гаспадаркі Аляксей Грэкаў. — Сама доіць кароў і адначасова кантралюе працу іншых членаў калектыва. Дзякуючы ёй мы ўпэўненыя, што на комплексе ўсё і заўжды будзе ў парадку.

Тут жа працуе цялятніца Святлана Шалаева. Яе вынікі ўражваюць: сярэднясутачнае прыбаўленне ў вазе адной галавы за мінулы год склала 1213 грамаў.

У сувязі з нізкімі тэмпературамі на комплексе змяніліся і падыходы да працы.

- У гэтыя дні даем цялятам на 10 - 15 працэнтаў малака больш, чым у звычайных умовах, - распавяла Святлана Шалаева. - Практычна ўсю тэрыторыю комплексу чысціць ад снегу трактар. Але часам бывае так, што недзе ён не можа пад'ехаць. Тады работнікі самастойна бяруць рыдлёўкі і наводзяць парадак. Нікога прымушаць не трэба. Усё разумеюць, што робяць гэта для сябе.

Камфортнае становішча і на старых фермах. Там тоўстыя сцены, з восені ўцяплілі вароты і вокны. Бытавыя памяшканні ацяпляюцца печкамі. У працаўнікоў заўсёды ёсць магчымасць пагрэцца і папіць гарбаты.

СБ