Па шляху новай аграрнай філасофіі

У слаўгарадскім ААТ «Прывольны агра» дадзены старт маштабнаму абнаўленню: тут узводзяць сучасны малочнатаварны комплекс

Стаўка зроблена на высокія тэхналогіі: ад інавацыйнай даільнай залы да камфортных прафілакторыяў для цялят. Праект абяцае не толькі павялічыць «вялікае малако» гаспадаркі і раёна, але і стаць эталонам клопату аб пагалоўі.

Афіцыйна вялікая будоўля, якая разгарнулася ля вёскі Васьковічы, называецца рэканструкцыяй комплексу, але на справе гэта нараджэнне новага, звышсучаснага МТК.


На аб'екце, куды мы прыехалі з дырэктарам ААТ «Прывольны агра» Міхаілам Пліндавым, — дзясяткі машын, больш за паўсотні будаўнікоў.

Пачалі з таго, што зімой дэмантавалі старыя калгасныя адрыны, залілі падмуркі пад новыя. Па сутнасці, з нуля пабудуем даільна–малочны блок, два кароўнікі на 400 галоў кожны, прафілакторый для цялят на 236 галоў, закладзём тры сянажныя траншэі, — пералічвае дырэктар ААТ «Прывольны агра».

Новы МТК праектаваўся з разлікам стварыць замкнёны цыкл вытворчасці, дзе кожны этап, ад нараджэння цяля да атрымання малака вышэйшай пробы, будзе знаходзіцца пад строгім тэхналагічным кантролем. Галоўным вузлом стане даільная зала, якая аснасцяць аўтаматызаванымі сістэмамі, якія даюць магчымасць мінімізаваць ручную працу, забяспечыць максімальную гігіену працэсу, а таксама ў рэальным часе адсочваць стан кожнай жывёлы. Усё гэта дасць магчымасць не толькі павысіць якасць малака, але і прадоўжыць прадукцыйнае даўгалецце статка. «Дзіцячы сад» для цялят таксама будуецца па прынцыпе максімальнага камфорту. У «Прывольным агра» ўпэўненыя: здаровае пакаленне, вырашчанае ў такіх умовах, – заклад будучых рэкордаў гаспадаркі.

Каб забяспечыць на МТК бесперабойную работу, паралельна з будоўляй развіваюць інфраструктуру: прабурылі артэзіянскую свідравіну, пракладваюць водаправодныя сеткі. Усталююць новую воданапорную вежу, уласную трансфарматарную падстанцыю.

На аб'екце працуюць будаўнікі з перасоўных механізаваных калон з Касцюковічаў, Хоцімска і Магілёва. Праца, паводле слоў Міхаіла Пліндава, ідзе з апярэджаннем графіка. А здаць новы МТК плануюць у верасні.

«Прывольны агра», якім Міхаіл Пліндаў кіруе каля трох гадоў, – адна з самых буйных і перадавых гаспадарак раёна. У 2024 да яго далучылі ААТ «Прысожжа», у студзені гэтага года — ААТ «Урэчанскі». Цяпер у аграхолдынга 18 тысяч гектараў сельгасугоддзяў, з якіх 12 тысяч – раллі. Статак – больш за 6 тысяч галоў.

За паўтара гады да пачатку рэалізацыі маштабнага праекту Міхась Пліндаў паклапаціўся аб кармавой базе, справядліва разважыўшы:

Нельга ўзвесці комплекс і спадзявацца, што вакол самі сабой зазелянеюць палі. Мы іх прапрацавалі, правялі залужэнне, 800 гектараў адвялі пад закладку шматгадовай травы, бо трава — гэта жывыя грошы, прычым немалыя. Вырошчваем традыцыйныя культуры: пшаніцу, авёс.

Гадуем цялушак, абнасеньваем іх, каб да моманту адкрыцця комплексу ён быў цалкам запоўнены. Хутчэй пачнем даіць – хутчэй заробім на малацэ.

Працаваць ёсць каму: галоўнымі спецыялістамі штат ААТ «Прывольны агра» укамплектаваны. Стаўку дырэктар робіць і на дасведчаныя кадры, і на моладзь. Юных землякоў па мэтавым накіраванні адпраўляе вучыцца ў БДСГА, ветэрынарную акадэмію, аграрныя каледжы. У гэтым годзе да яго ўжо вярнуліся некалькі мэтавікоў: заатэхнік Галіна Валчкова, тэхнік–электрык Даніла Дзям'янкоў, з дня на дзень чакаюць юрыста і бухгалтара.

У аграхолдынгу за імі замацоўваюць вопытных настаўнікаў, тут працуе нямала працоўных дынастый. Як, напрыклад, механізатары браты Юрый і Дзяніс Гапеевы, стаж якіх больш за 20 гадоў. Жонка Юрыя ў гаспадарцы працуе галоўным аграномам.


З тых, хто лічыць гэтую зямлю роднай, – трактарыст ААТ «Прывольны агра» Сяргей Ермакоў. Родам ён з вёскі Дуброўкі Смаленскай вобласці, але вось ужо 10 гадоў жыве ў Слаўгарадскім раёне. На трактарыста, дарэчы, навучыўся ў Хоцімскім прафтэхвучылішчы сельскагаспадарчай вытворчасці (цяпер ліцэй), якую ў свой час скончылі яго бацька, старэйшы брат. Цяпер тамака вучыцца малодшы брат.

У нас з жонкай свой дом, гадуем траіх дзяцей: дзевяцігадовую Мар'яну, сямігадовага Яраслава і пяцігадовага Рамана. ААТ «Прывольнае агра» дынамічна развіваецца, тут годныя ўмовы працы, выдатны заробак, таму менавіта з ім мы звязваем сваю будучыню, – кажа Сяргей Ермакоў.

Тыя, хто выкладваецца па поўнай, па словах Міхася Пліндава, сапраўды зарабляюць годна:

У сезон механізатары могуць атрымаць 7 – 8 і нават 12 тысяч рублёў. Зімой – не менш за 3 тысячы. У сельскай гаспадарцы спраў хапае круглы год: унясенне арганікі, падвоз кармоў, падрыхтоўка тэхнікі... Маладыя спецыялісты без уліку даплат і прэмій маюць каля 1500 рублёў. Усіх іншагародніх забяспечваем арэндным жыллём.


Па словах старшыні Слаўгарадскага райвыканкама Максіма Патапенкі, раён стаў адной з эксперыментальных пляцовак вобласці для апрабацыі новай аграрнай філасофіі. Тут ідуць па шляху ўзбуйнення сельгаспрадпрыемстваў, якіх сёння засталося пяць. Акрамя рэканструкцыі малочнатаварнага комплексу ў ААТ «Прывольны агра», у постчарнобыльскім раёне пабудуюць яшчэ чатыры прафілакторыі для цялят.

Ольга Кисляк, Андрей Сазонов, СБ