Падтрымана ініцыятыва ўстаноўкі помніка працаўніцы і маці-гераіні ў Шклоўскім раёне
Пасяджэнне Каардынацыйнага савета грамадскіх аб'яднанняў і палітычных партый Магілёўскай вобласці адбылося сёння пад старшынствам Аляксандра Гарошкіна. Удзел у ім таксама прынялі начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама Кацярына Музычэнка, старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі Беларускага грамадскага аб'яднання ветэранаў Анатоль Глаз, члены Каардынацыйнага савета.


На пачатку пасяджэння былі прадстаўленыя новыя члены Каардынацыйнага савета: старшыня грамадскай арганізацыі «Магілёўская абласная асацыяцыя малалетніх вязняў фашысцкай няволі» Любоў Ярмолава і старшыня Магілёўскага абласнога аддзялення грамадскага аб'яднання «Саюз пісьменнікаў Беларусі» Вольга Бялова.

Асноўным на парадку дня стала пытанне аб фінансаванні ўстаноўкі помніка–бюста Герою Сацыялістычнай Працы, маці–гераіні Ніне Мітрафанаўне Баранавай у аграгарадку Гарадзец Шклоўскага раёна. Як расказаў Аляксандр Гарошкін, выбітная працаўніца аграпрамысловага комплексу ўнесла вялікі ўклад у пасляваеннае аднаўленне і развіццё сельскай гаспадаркі рэгіёну. Уся яе працоўная дзейнасць звязана са Шклоўскім раёнам. З 1945 года – жывёлавод, звеннявая па вырошчванні лёну, брыгадзір паляводчай брыгады калгаса «Прамень камунізму». У 1960–1972 гг. – цялятніца, свінарка калгаса «Гарадзец» Шклоўскага раёна (цяпер – ЗАТ «ААБ–Агра Гарадзец»). За нараджэнне і выхаванне дзесяцёх дзяцей 2 снежня 1966 года Баранава ўзнагароджана ордэнам «Маці–гераіня». Неаднаразова жанчына была адзначана высокімі працоўнымі званнямі і ўзнагародамі. Пры гэтым вяла актыўную соцыяльна–палітычную і выхаваўчую працу сярод моладзі, перадаючы свой багаты досвед.

З дакладам па тэме таксама выступіў старшыня Шклоўскага раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Давыдовіч. Ён расказаў аб канцэпцыі і выбары месцазнаходжання помніка. У ходзе абмеркавання было адзначана, што ініцыятыва дэпутатаў Шклоўскага раённага Савета дэпутатаў па ўвекавечанні памяці Ніны Мітрафанаўны Баранавай падтрымана дэпутацкім корпусам Магілёўскай вобласці. Устаноўка помніка–бюста ў аграгарадку Гарадзец, дзе яна жыла і працавала, будзе садзейнічаць патрыятычнаму выхаванню падрастаючага пакалення і ўвекавечыць вобраз беларускай жанчыны, якая сумясціла высокія прафесійныя дасягненні з ідэаламі мацярынства і сямейных каштоўнасцей.


Па выніках абмеркавання членамі Каардынацыйнага савета было прынята рашэнне аб фінансаванні ўстаноўкі помніка–бюста і адкрыцці адпаведнага дабрачыннага рахунку.

Акрамя таго, у ліку арганізацыйных разгледжаны пытанні аказання дапамогі ў падрыхтоўцы дзяцей да новага навучальнага года, ушаноўвання герояў жніва і правядзення мерапрыемстваў, прысвечаных Дню народнага адзінства.

Юлія Таранава, фота Галіны Гаўрыловіч
Переводчик