Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый Крутой сёння з рабочай паездкай наведвае Клімавіцкі раён, сярод асноўных пытанняў – развіццё сферы свінагадоўлі, ход уборачнай кампаніі ў гаспадарках раёна.


У філіяле «Клім–агра» ААТ «Клімавіцкі камбінат хлебапрадуктаў» адбылося адкрыццё новага комплексу па адкорме свіней вытворчай магутнасцю 51 тыс. галоў у год. З'яўленне гэтага аб'екта замыкае цыкл вытворчасці: ад кармавой базы да пастаўкі на мясакамбінат. Наступны этап – мадэрнізацыя адкормачнай пляцоўкі.


Акрамя гэтага, Дзмітрый Крутой азнаёміўся са станам спраў і работай Клімавіцкага камбіната хлебапрадуктаў. А пасля ў зале Клімавіцкага райвыканкама прайшла нарада, тэмай якой стала работа аграпрамысловага комплексу раёна ў перыяд уборачнай.

Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта адзначыў, што ў шэрагу раёнаў ён ужо азнаёміўся з гатоўнасцю тэхнікі, работай зернесушыльных комплексаў, ходам уборачнай. Збояў няма, з тым аб'ёмам збожжа, які паступае, усе спраўляюцца. А таму, хутчэй за ўсё, буйных перакідванняў тэхнікі з раёна ў раён можа не спатрэбіцца.


«Мабільныя групы, якія створаны ўрадам і Камітэтам дзяржкантролю, таксама цяпер актыўна ездзяць па нашым рэгіёне. Іх асноўная задача – не столькі кантроль, хоць і гэтага таксама ў іх хапае, колькі дапамога ў аператыўным дакладзе на ўзровень урада прапаноў, якія патрабуюць недзе, можа, нарматыўнага вырашэння, недзе – фінансавых нейкіх перакідванняў у рамках бюджэту абласнога або рэспубліканскага. Іх задача – аператыўнасць і хуткасць», – звярнуў увагу ён.


Дзмітрый Крутой дадаў, што ўзмоцнены кантроль з боку міліцыі па захаванасці гаруча–змазачных матэрыялаў, папярэджанні крадзяжу паліва. Наяўнасць абменнага фонду запасных частак, гарантыйны рамонт тэхнікі там, дзе патрабуецца, – усё гэта таксама ўплывае на хуткасць і якасць уборачнай кампаніі.

Тэма другога ўкосу застаецца актуальнай. «Рэгіён першы выканаў план па сенажы ў рэспубліцы, той, які быў даведзены Міністэрствам сельскай гаспадаркі. Анатоль Міхайлавіч (Ісачанка. – Заўвага БЕЛТА) паставіў больш высокую планку – пад 2 млн т. Для гэтага тэмпы, якія даведзены губернатарам, у сярэднім 15 тыс. т у дзень, таксама трэба старацца падтрымліваць. Зразумела, што гэта няпроста, таму што шмат работ ідзе паралельна, але шанцу нарыхтаваць такі аб'ём травяных кармоў у нас не было даўно. А гэта эфектыўная жывёлагадоўля ў зімова–стойлавы перыяд», – сказаў Дзмітрый Крутой.
 


Страты збожжа, рэгуліроўкі камбайна, засмечанасць палёў з–за дажджоў – гэта, адзначае кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта, больш лакальныя тэмы, але яны таксама гучаць. Уборка саломы, падрыхтоўка да азімай сяўбы. Увесь комплекс работ цяпер у разгары.

Мінеральныя ўгнаенні, сяўба азімых, гатоўнасць пляцовак для захоўвання ўраджаю, будаўніцтва сучасных МТК, прафілакторыяў для цялят, плюшчэнне збожжа – тэмы нарады датычыліся ўсяго спектра работы прадпрыемстваў АПК рэгіёна.


БЕЛТА