Абласны фестываль–кірмаш працаўнікоў вёскі «Дажынкі–2026» пройдзе ў Шклове ўжо ў гэтую суботу, 10 кастрычніка. Напярэдадні свята ў горадзе завяршаецца маштабнае добраўпарадкаванне. Гарадскія прасторы і інфраструктура зведалі значныя пазітыўныя змены.


Як расказаў начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва Шклоўскага райвыканкама Алег Стэфановіч, у гарадскім парку створаны новыя зоны адпачынку. Для жыхароў і гасцей горада добраўпарадкаваны тры сучасныя гульнявыя лакацыі: спартыўная пляцоўка, канатнае мястэчка і дзіцячая гульнявая зона. Акрамя таго, выкладзена больш за 500 пагонных метраў новых пешаходных дарожак з дробнаштучнай пліткі.


Праведзены бягучы рамонт і фарбаванне будынкаў, рамонт і фарбаванне фасадаў устаноў адукацыі – дзіцячых садоў і школ. Адмысловая ўвага нададзена сцэнічнай пляцоўцы, дзе традыцыйна праходзяць святочныя мерапрыемствы і канцэрты.


– Завяршаецца рэканструкцыя раённага цэнтра сацыяльнай абароны – аб'ект знаходзіцца на фінальнай стадыі гатоўнасці. Выкананы рамонт шэрагу жылых дамоў: бягучы рамонт закрануў каля 25 дамоў, яшчэ больш за 5 будынкаў адрамантаваны капітальна, – растлумачыў Алег Стэфановіч.

Работы па добраўпарадкаванні закранулі і дарожную сетку.

– Усе запланаваныя дарожныя работы завершаны: праведзены рамонт дарог, наносіцца новая разметка. Вядзецца абнаўленне прыпыначных павільёнаў, а на вуліцы Савецкай, дзе разгорнецца асноўная святочная праграма, з'явіліся 4 новыя прыпыначныя пункты, – дадаў начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва Шклоўскага райвыканкама.


Да «Дажынак» у Шклове таксама абнавілі стэлу на левабярэжжы Дняпра, а на Алеі герояў у райцэнтры з'явіўся новы мемарыял з граніту, на якім увекавечылі імёны 32 Герояў Савецкага Саюза, якія вызвалялі Шклоўшчыну ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Горад актыўна ўпрыгожваецца і малымі архітэктурнымі формамі – у гэтым удзельнічаюць як дзяржаўныя арганізацыі Шклоўскага раёна, так і прыватныя прадпрыемствы.

Дарэчы, каля раённага краязнаўчага музея поўнасцю заменена плітачнае пакрыццё з элементамі азелянення. Работы па добраўпарадкаванні праведзены і каля раённага Дома культуры. Гэтыя лакацыі стануць галоўнымі кропкамі прыцягнення гасцей абласнога свята працаўнікоў сяла.

– У цяперашні час усе запланаваныя па добраўпарадкаванні мерапрыемствы выкананы. Будаўнічыя пляцоўкі прыводзяцца ў парадак, вывозіцца будаўнічае смецце. Шклоў знаходзіцца ў чаканні свята і цалкам гатовы да прыёму гасцей, – падсумаваў Алег Стэфановіч.

Падрыхтоўка да абласнога фестывалю–кірмашу працаўнікоў – гэта нешта большае, чым проста звыклае абнаўленне фасадаў будынкаў і дарог. Гэта і пра захаванне гістарычнай памяці, і даніну павагі людзям, чые заслугі назаўжды ўславілі гэты край.

Як паведаміла загадчык сектара культуры Шклоўскага райвыканкама Аксана Кудзянкова, адной з асаблівых падзей на «Дажынках» стане ўстаноўка помніка–бюста Ніны Мітрафанаўны Баранавай у аграгарадку Гарадзец.

– Ніна Баранава – легендарная працаўніца, чыё імя ў свой час ведала ўся краіна. Пачаўшы працоўны шлях у якасці палявода, яна працавала цялятніцай і свінаркай і ў выніку была ўдастоена звання Героя Сацыялістычнай Працы. А яшчэ, яна маці–гераіня, якая выхаваў 10 дзяцей. Бронзавы бюст стане данінай павагі яе самаадданай працы і адданасці справе, – распавяла Аксана Кудзянкова.


Юлія Давыдзенка, фота аўтара, СБ