Даведацца аб унікальным мінулым раёна змогуць госці падчас Дня пісьменства на рэспубліканскай навукова–практычнай канферэнцыі «Касцюковічскія чытанні». Аб гэтым журналістам расказаў дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Ігар Капылоў.

Канферэнцыя будзе складацца з некалькіх блокаў. У гістарычным блоку госці змогуць пачуць даклады аб археалагічных знаходках, даведацца, што сабой уяўлялі землі Касцюкоўшчыны ў XI–XVIII стагоддзях.

Другі блок будзе прысвечаны мастацтвазнаўству, этнаграфіі і фальклору. Навукоўцы прадставяць вынікі фальклорных экспедыцый, раскажуць аб унікальных абрадах, напрыклад аб значэнні і сэнсе хрышчэння. Цікавымі фактамі з біяграфіі і жыцця мастака, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Антона Бархаткова падзеліцца яго ўнук.

Лінгвістычны блок раскажа інфармацыю аб паходжанні геаграфічных назваў, назваў населеных пунктаў. Лінгвісты падзеляцца вынікамі даследаванняў аб дыялектах на тэрыторыі раёна. Цэнтральнае месца зойме літаратуразнаўчы блок. Даклад, прысвечаны творчасці Алеся Пісьмянкова, прадставіць Навум Гальпяровіч, які шмат гадоў сябраваў з паэтам.

Таксама падчас канферэнцыі слухачы змогуць даведацца пра ролю жанчыны ў захаванні традыцый. Па выніках канферэнцыі будзе апублікаваны зборнік, які падораць раёну.

БЕЛТА