Слаўгарад адсвяткуе 12 верасня 890–годдзе. Да юбілею горад прыхарошваецца: абнавілі цэнтральную плошчу перад райвыканкамам, у скверы на вуліцы Кастрычніцкай урачыста адкрыюць манумент. Якім ён будзе, мясцовыя ўлады пакуль трымаюць у сакрэце, каб не сапсаваць землякам сюрпрыз. Вядома адно: на адкрыцці закладуць капсулу часу.

Як удакладніла начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Слаўгарадскага райвыканкама Таццяна Бабічава, свята будзе насычана падзеямі і эмоцыямі. Тамсама, у скверы на Кастрычніцкай, разгорнуцца тэматычныя пляцоўкі «Гэта наша зямля — Слаўгарад — мой бацькоўскі куток», на якіх мясцовыя ўмельцы прадставяць вырабы народнай творчасці, дэкаратыўна–прыкладнога мастацтва, дадуць майстар–класы па розных відах рамёстваў.

На вуліцы Кастрычніцкай будзе працаваць выстава вытворчай тэхнікі, на цэнтральнай плошчы горада днём стартуюць урачыстыя мерапрыемствы і вялікі канцэрт з нагоды юбілею, удзел у якім прымуць беларускія выканаўцы. Тут жа выступяць шматразовыя чэмпіёны свету і Еўропы па акрабатычным шоу, выхаванкі школы гімнастыкі і акрабатыкі – пяціразовай абсалютнай чэмпіёнкі свету, майстра спорту міжнароднага класа Рэнаты Каладзінскай.

Са святам Слаўгарад павіншуюць байкеры – у горадзе арганізуюць мотапрабег. Гараджанам і гасцям пакажуць мастацкі фільм з залатога фонду савецкага кіно.

У праграме свята будзе шмат музыкі: канцэрт мастацкай самадзейнасці дзіцячых, маладзёжных творчых калектываў і выканаўцаў «Ганаруся табой, мой горад Славы!», канцэрт «Там, дзе душа спявае», музычная дыскатэка.

А завершыцца юбілей лазерным шоу і святочным салютам.

Старажытны і ўтульны Слаўгарад, які размясціўся над ракой Сож і яе прытокам Проней, прыцягвае турыстаў унікальнай прыродай, гісторыяй, помнікамі. Да 1945 года ён насіў назву Прапойск. Праект «Ад Прупоя да Слаўгарада», які стаў пераможцам абласнога конкурсу грамадзянскіх ініцыятыў, рэалізавалі ў гарадскім парку – адным з найстарэйшых пейзажных у краіне, закладзеным яшчэ ў XVIII стагоддзі. Грамадзянскіх ініцыятыў тут увасоблена ў жыццё ўжо нямала, дзякуючы ім мясцовыя жыхары і турысты, шпацыруючы па цяністых алеях, могуць акунуцца ў гісторыю. Трапятліва ставячыся да мінулага, Слаўгарад абнаўляецца, расквітае, маладзее. І як гасцінны гаспадар запрашае ў госці – разам адзначыць юбілей.

 СБ