Турыстычны патэнцыял Беларусі прэзентавалі на рэспубліканскім свяце «Купалле» ў Александрыі.


Тэматычная лакацыя Нацыянальнага агенцтва па турызме стала адной з навінак свята сёлета.

Тут госці могуць даведацца пра папулярныя турмаршруты і адпачынак у здраўніцах Магілёўскай вобласці. А каб наведаць знакавыя месцы рэгіёна, не пакідаючы фестывальнага поля, тут арганізавалі экскурсію з дапамогай VR–ачкоў. Жадаючых адправіцца ў такое падарожжа аказалася нямала – пляцоўка карыстаецца вялікім попытам у гасцей.


«Беларускі турызм раскрыты праз чатыры сезоны: лета – гэта майстар–клас па пляценні вянкоў, восень – гастранамічная карта краіны і рэгіянальныя гастрабранды, зіма прадстаўлена майстар–класам па валенні з воўны, а вясна – прамысловым турызмам», – распавяла намеснік начальніка аддзела развіцця ўнутранага турызму, якасці паслуг Нацыянальнага агенцтва па турызме Ганна Вашчынюк.

Для гасцей падрыхтавалі шмат разнастайных інтэрактываў. Тут і тревел–квиз, і роспіс пернікаў у выглядзе карты краіны.


Ганна Вашчынюк падзялілася, што лакацыя стала выдатным дадаткам да шматлікіх святочных пляцовак. «Сюды прыязджае шмат людзей са ўсёй краіны і блізкага замежжа, дэлегацыі з розных краін. Важна ўявіць ім наш турыстычны патэнцыял на вышэйшым узроўні, зацікавіць падарожнікаў наведваць краіну не толькі летам, але і круглы год. Асаблівую цікавасць выклікаюць народныя фестывалі і этнаграфічны складнік», – кажа яна.


А каб яшчэ больш зацікавіць гасцей беларускай аўтэнтычнасцю тут правялі майстар–клас па шапавальстве. Распавядаў і паказваў таямніцы старажытнага рамяства майстар Дрыбінскай цэнтральнай клубнай сістэмы Уладзімір Осіпоўскі. Шапавальствам ён займаецца з 1983 года. За столькі гадоў не толькі вывучыў усе тонкасці гэтай справы, але і вывучыў мову шапавалаў.


На яго думку, «Купалле» у Александрыі моцна прырасло – і гасцямі, і лакацыямі, і размахам. «Беларусы вельмі працавітыя, гасцінныя, мірныя і добрыя людзі. Але мы таксама з характарам. Чужога ніколі не возьмем і свайго нікому не аддамо. Любім сваю зямлю, працуем на ёй – усё ў нас сваё, роднае: хіба гэта не нагода для гонару? Нават сур'ёзную тэхніку самі робім! У любых пытаннях наша краіна на вышыні», – падзяліўся майстар.


БЕЛТА