У Горацкім раёне ўшанавалі памяць герояў бітвы пад Леніно і перапахавалі астанкі 25 воінаў
Урачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя 83–й гадавіне бітвы пад Леніно, праходзяць у аднайменным аграгарадку.
На ўрачысты мітынг ля мемарыяльнага комплексу сабраліся каля 500 чалавек. Сярод іх – прадстаўнікі Беларусі, Польшчы і Расіі, студэнты, навучэнцы, мясцовыя жыхары і госці раёна. Удзельнікі ўсклалі кветкі і гірлянды да помніка савецкім воінам і на польскіх ваенных могілках.

«Мы сабраліся на святым месцы, каб адзначыць 83–ю гадавіну бітвы пад Леніно і ўшанаваць памяць воінаў, якія ў кастрычніку 1943 года праявілі мужнасць і адвагу ў барацьбе з нямецка–фашысцкімі захопнікамі. Для Горацкага раёна, Магілёўшчыны і ўсёй Беларусі Леніно не проста геаграфічная назва – гэта месца воінскай славы», – сказаў старшыня Горацкага райвыканкама Мікалай Арлёнак.
Ён адзначыў, што гісторыя Вялікай Айчыннай вайны тут захавалася не толькі ў дакументах і музейных экспанатах, але і ў самой зямлі, палітай крывёй савецкіх і польскіх воінаў. 12 кастрычніка 1943 года ў раёне Леніно ў складзе 33–й арміі Заходняга фронту ўпершыню ўступіла ў бой 1–я польская пяхотная дывізія імя Тадэвуша Касцюшкі.

«83 гады адлучаюць нас ад тых кастрычніцкіх дзён. Але час не мае ўлады над памяццю. Пакуль мы прыходзім сюды, пакуль гучаць імёны загінуўшых, пакуль да мемарыялаў прыходзяць школьнікі, пакуль дарослыя расказваюць дзецям аб подзвігу іх продкаў – героі застаюцца з намі», – падкрэсліў кіраўнік раёна.
Госцем мерапрыемстваў стаў Веслаў Файдэк. Ён прыехаў у вайсковай форме і шапцы з арлом – «рагатыўцы» – з польскага горада Вітніца. Паводле яго слоў, гэты галаўны ўбор дастаўся яму ад сябра Чэслава Хмялеўскага, які змагаўся супраць фашыстаў. «Я тут, каб аддаць належнае загінуўшым салдатам і шчыра падзякаваць беларусам за тое, што так трапятліва ставяцца да памяці, беражліва даглядаюць магілы нашых польскіх жаўнераў. Крануты тым, як арганізавана мерапрыемства: ваенны аркестр, сардэчная цырымонія, душэўны прыём. Калі знаходзішся тут, адчуваеш, што палітычныя рознагалоссі застаюцца недзе далёка, за межамі мемарыяла. Старэйшае пакаленне сыходзіць, няма ўжо майго сябра Чэслава. Памяць пачынаецца сцірацца. Гэтага дапусціць нельга. Беларусам гэта не пагражае, бачу, колькі на мерапрыемстве прысутнічае маладых рабят», – падзяліўся ўражаннямі Веслаў Файдэк.

Важнай часткай памятнага дня стала работа пошукавых атрадаў. Пры палявых работах сёлета былі знойдзены астанкі 25 савецкіх воінаў. Усе яны лічацца невядомымі. Цырымонія іх пахавання прайшла на воінскіх пахаваннях. «Шэсць чалавек мы перапахаваем на брацкай магіле каля Музея савецка–польскай баявой садружнасці ў аграгарадку Леніна, яшчэ 19 – у вёсцы Старына. У нас штогод праводзяцца экспедыцыі сумесна з 52–м асобным спецыялізаваным батальёнам, – распавёў галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай працы і па справах моладзі Горацкага райвыканкама Уладзімір Чэкізаў. – Пакуль не будзе падняты апошні салдат, вайна ў нас не скончана. Гэта важна для маладога пакалення: нам трэба паказваць, колькі чалавек загінула, нагадваць пра ўрокі Вялікай Айчыннай і гераізм нашых салдат».

Пасля завяршэння афіцыйнай часткі ўдзельнікі і госці мерапрыемстваў наведаюць Музей савецка–польскай баявой садружнасці і азнаёмяцца з яго экспазіцыяй.















Переводчик