Ва ўрочышчы Лясное, што непадалёку ад вёскі Паплавы Клічаўскага раёна, сёння, 14 кастрычніка, ушанавалі памяць мірных жыхароў, расстраляных фашыстамі роўна 85 гадоў таму — 14 кастрычніка 1941 года. Аддаць даніну павагі бязвінна забітым ахвярам вайны прыбылі прадстаўнікі райвыканкама, дэпутаты, работнікі праваахоўных органаў, ветэраны працы, моладзь, мясцовыя жыхары. Помнік на магіле расстраляных фашыстамі жанчын, дзяцей, старых у 2026 годзе абнавілі, ля яго падножжа ўсталявалі светлыя пліты з імёнамі.

Маня Глыкіна, Слава Гельфанд, Вольга Госіна, Лея Кацнэльсан, Соня Розенберг, Навум Сасонкін, Сямён Трылеснік… 196 імёнаў удалося вярнуць з небыцця клічаўлянам дзякуючы карпатлівай архіўна–даследчай працы. А па–зверску замучылі тут фашысты, паводле розных звестак, ад 300 да 500 чалавек. Праект грамадзянскай ініцыятывы «Трагедыя на Пакрову» (пакаранне смерцю жанчын, дзяцей і старых нацысты зладзілі ў праваслаўнае свята Пакрова Прасвятой Багародзіцы), накіраваны на добраўпарадкаванне гэтага пахавання, атрымаў фінансавую падтрымку Магілёўскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў. На гэтыя мэты было выдзелена 18 тысяч рублёў, 10 працэнтаў (1800 рублёў) сабралі жыхары раёна.

Цяпер тут не толькі ўвекавечаны імёны. На дарозе, якая вядзе да помніка, устанавілі інфармацыйныя стэнды ў выглядзе сельскіх хат.


—Абнаўленне мемарыяла – яскравы прыклад таго, як дзяржаўная ўлада і маладзёжная ініцыятыва аб'ядноўваюць намаганні дзеля святой справы – захавання гістарычнай памяці. Калі мы гаворым пра сувязь пакаленняў і пра сапраўдны патрыятызм, мы маем на ўвазе менавіта такія ўчынкі, — адзначыла старшыня Клічаўскага раённага Савета дэпутатаў Наталля Грашылава. – Сёння гэтае месца набывае яшчэ больш глыбокі сэнс. Трагедыя габрэйскага народа – гэта незагойная рана і неад'емная частка генацыду беларускага народа. Фашызм не шкадаваў ні дзяцей, ні старых, спрабуючы поўнасцю знішчыць наша насельніцтва і наша права на жыццё. Дзякуючы маштабнаму расследаванню, якое праводзіць Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь, адчыняюцца новыя страшныя факты тых гадоў. Пракуроры, гісторыкі і пошукавікі знаходзяць новыя месцы пахаванняў, усталёўваюць імёны бязвінна загінуўшых землякоў і адкрываюць сапраўдныя маштабы нацыянальнай катастрофы. У нашым раёне такіх месцаў перыяду Вялікай Айчыннай вайны 66, вядзецца праца яшчэ па некалькіх пахаваннях. Гэтае расследаванне – наш галоўны юрыдычны і маральны шчыт супраць спробаў перапісаць гісторыю. У гэтых злачынстваў няма і не можа быць тэрміна даўніны. Каты і іх памагатыя павінны быць названыя паіменна, а памяць аб ахвярах – ушанаваная.


Трагедыю ва ўрочышчы Лясное сёння прайгралі ў выглядзе пастаноўкі: пад прыцэлам аўтаматаў да месца жорсткай расправы нямецка–фашысцкія акупанты гналі дзяцей, жанчын, старых, якія плача. Яны схаваліся ў туманным лесе, а следам раздаліся аўтаматныя чэргі. На паляне запанавала цішыня. І кожны з прысутных думаў аб тым болі, што адчулі шмат гадоў таму іх суайчыннікі. І пра тое, што мы разам павінны зрабіць усё магчымае, каб на нашай зямлі заўсёды панавалі міжнацыянальная згода, адзінства і ўзаемная павага. Каб падобнае ніколі больш не паўтарылася.


 СБ, фота Клічаўскай раённай газеты «Сцяг Саветаў»