У лепшую вёску Асіповіцкага раёна сталі вяртацца людзі
Неўвядальны колер Вялікай Гравы
Кожны, хто быў у вёсцы Вялікая Грава на Магілёўшчыне, адзначае ідэальны парадак на вуліцах, каля дамоў, у месцах памяці. А прадмет асаблівага гонару вяскоўцаў — царква, да будаўніцтва якой маюць дачыненне многія з іх. Невыпадкова да храмавай іконы Божай Маці «Неўвядальны колер» – абаронцы сямейнага дабрабыту, чысціні намераў і праведнага жыцця – прыязджаюць пакланіцца з розных куткоў Беларусі.

— Усе, хто мог, збіралі сродкі на будаўніцтва храма, а таксама дапамагалі з матэрыяламі для ўнутранага і знешняга ўбрання, — расказвае старэйшына вёскі Лілія Лабус. – Напрыклад, сям'я Хадыкі бясплатна падала вокны, а Нагаевы амаль цалкам аплацілі дзверы. Большую частку работ узялі на сябе мясцовыя мужчыны, што асабліва радуе. Відаць, Усявышняму неабыякавы лёс нашай вёскі, калі ўсё атрымалася. Нядаўна мы размясцілі памятны крыж на месцы, дзе некалі быў праваслаўны храм. А яшчэ падрыхтавалі тэрыторыю, на якой будзе ўсталявана памятная дошка «Яны не вярнуліся ў родную вёску» з прозвішчамі землякоў, якія аддалі жыцці за мірнае неба для нас з вамі. Мы молімся аб іх у новай царкве, сочым за парадкам на мясцовых могілках, асабістым прыкладам прывучаючы падрастаючае пакаленне да беражлівых адносін да роднай зямлі і захавання гістарычнай памяці. Імкнёмся завяршыць пачатыя працы да будучых свят.
У лепшыя гады ў Вялікай Граве пражывала каля тысячы чалавек.
Сёння жыхароў тут значна менш. Аднак людзі паступова вяртаюцца, набываюць домікі, застаюцца жыць. Так, па выніках раённага агляду, Вялікую Граву ў чарговы раз прызналі лепшай па добраўпарадкаванні. Гэта натхняе вяскоўцаў на новыя добрыя справы.
— А трэба яшчэ шмат, — кажа старэйшына. — З надыходам вясны мы ўжо прыклалі сумесныя намаганні для таго, каб вёска стала яшчэ больш утульнай. У дварах і ўздоўж дарог чыста. Дзіцячая пляцоўка, сцэна для мерапрыемстваў, сямейная лаўка, упрыгожаная этнічнай сімволікай мясцовай мастачкай–дачніцай Таццянай Стасько, радуюць вока. Канешне ж, вельмі разлічваем на дапамогу жыхароў, прадстаўнікоў мясцовай улады і арганізацый. Абавязкова збяромся ў дзень рэспубліканскага суботніка і паўторым яго яшчэ не раз. У нас людзей не падзяляюць на мясцовых і прыезджых, гарадскіх і сельскіх. Кожнага, хто выбірае жыць, працаваць і адпачываць тут, сустракаем як роднага, дапамагаем уладкавацца, наладзіць побыт. Калі разам – усё па плячы!
Переводчик