Ва ўпраўленні інтэнсіфікацыі раслінаводства і меліярацыі камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Магілёўскага аблвыканкама растлумачылі, што па тэмпах выкананых работ лідзіруюць Кіраўскі, Чэрыкаўскі, Шклоўскі і Слаўгарадскі раёны, у якіх першы ўкос завершаны больш як на 40 працэнтах запланаваных плошчаў. На адну ўмоўную галаву ў сярэднім па вобласці нарыхтавана 2,85 цэнтнера кармавых адзінак, што на 1,4 цэнтнера больш у параўнанні з аналагічнай датай мінулага года.


На плошчы 6,5 тысячы гектараў трэба будзе скасіць шматгадовую траву ў Слаўгарадскім раёне. Ужо нарыхтавалі 15,5 тысячы тон сенажу. Начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні мясцовага райвыканкама Андрэй Валынцаў расказвае пра асаблівасці корманарыхтоўчай кампаніі гэтага года:

– Сёння мы настроены не на індывідуальны поспех асобных механізатараў ці сельгаспрадпрыемстваў, а на калектыўныя дасягненні, што дапамагае больш арганізавана, дынамічна спраўляцца з агульнымі задачамі. У нас у раёне пяць гаспадарак і тры аб'яднаныя мехатрады. Аграпрадпрыемствы кааперуюцца паміж сабой, аб'ядноўваюць рэсурсы: напрыклад, працуюць зводныя мехатрады ААТ «Слаўгарадрайаграпрамтэхніка» і КСУП «Заранскі», КСУП «Наша Радзіма» і ААТ «Ляснянскі Агра». Так, агульнымі сіламі мы ўжо ўносілі арганіку, выконвалі хімпраполку яравых і кукурузы, а цяпер займаемся корманарыхтоўкай.

Безумоўныя лідэры па корманарыхтоўцы ў Слаўгарадскім раёне – КСУП «Наша Радзіма» і ААТ «Прывольны агра», дзе шматгадовая трава скошана ўжо на палове запланаваных плошчаў.

Дарэчы, у «Прывольным агра» шматгадовая трава пасеяная на плошчы 2,5 тысячы гектараў. Сфарміраваны свой мехатрад, а з улікам таго, што сельгасугоддзі займаюць 20 тысяч гектараў, кіраўніцтва аблвыканкама прыняло рашэнне аказаць яму дапамогу з уборкай траў першага ўкосу, каб паспець завяршыць работы да 15 чэрвеня. Дапамагаць гаспадарцы прыбылі на сваёй тэхніцы механізатары ААТ «Задняпроўскі міжрайаграсэрвіс». Так што ўсяго на палях «Прывольнага агра» зараз працуе чатыры кормаўборачныя камбайны, чатыры касілкі, больш за 15 адзінак тэхнікі задзейнічана на адвозе зялёнай масы, а на трамбоўцы траншэй заняты тры новыя «Амкадоры», набытыя сельгаспрадпрыемствам.


За дзень у «Прывольным агра» паспяваюць скасіць траву на плошчы да 200 гектараў. Для механізатараў створаны належныя ўмовы: двухразовае харчаванне, падвоз вады, усё забяспечаны сродкамі індывідуальнай абароны.

Зусім без паломак не абыходзіцца, галоўнае, каб была дакладна наладжана праца па іх хуткім ухіленні. А з гэтым у гаспадарцы ўсё ў парадку. На днях на кормаўборачным камбайне выйшаў са строю генератар. На працягу дзвюх гадзін спецыялісты сельгаспрадпрыемства прывезлі з Мінска новы, устанавілі. Характэрна, што ў такіх сітуацыях разам з усімі тэхніку рамантуе дырэктар сельгаспрадпрыемства Міхаіл Пліндаў. Кіраўнік лічыць, што гэта ў парадку рэчаў, бо ўвесь калектыў робіць агульную справу.

Дарэчы, калі заходзіць гаворка пра тое, хто з механізатараў гаспадаркі лепш за ўсіх працуе ў полі, Міхаіл Пятровіч сцвярджае, што нікога вылучыць не можа: усе працуюць добрасумленна, ва ўсіх гараць вочы – сёння адзін выйдзе ў лідэры, заўтра іншы дагоніць. Ламаецца сельгасмашына, і ўсё звяно спыняецца, на дапамогу механізатару спяшаюцца іншыя, каб хутчэй усім разам аднавіць працу. Калі ў машыны адвозу спусціла кола, увесь мехатрад кінуўся дапамагаць.

Яшчэ адзін сакрэт поспеху, паводле слоў Міхаіла Пліндава, своечасовая падрыхтоўка да корманарыхтоўчай кампаніі: у гаспадарцы загадзя адрамантавалі тэхніку, назапасіліся матэрыяламі: плёнкавымі покрывамі, кансервантамі для сенажу. Затое зараз праблем не адчуваюць і тэхналогіі выконваюцца.

Працуюць кормаўборачныя механізаваныя атрады і ў іншых раёнах Магілёўскай вобласці. Напрыклад, у ААТ «Дрыбінрайаграпрамтэхснаб» сёлета трэба будзе скасіць траву першага ўкосу на 800 гектарах, нарыхтаваць 11 тысяч тон сенажу і 1200 тон сена. Тут таксама працуюць хутка і зладжана і ўпэўнены, што корманарыхтоўку завершаць у тэрмін.

КАМЕНТАР

Начальнік упраўлення кантролю за працай аграпрамысловага і прыродаахоўнага комплексаў КДК Магілёўскай вобласці Вячаслаў Асмалоўскі:

Магілёўскі аблвыканкам, райвыканкамы, сельгасарганізацыі рэгіёну ў цэлым падрыхтаваліся да корманарыхтоўкі. Калі мы пры правядзенні кантрольных мерапрыемстваў і адзначаем асобныя недагляды ў працы, то толькі таму, што наша задача – дамагчыся, каб усё было ідэальна.

Летась упершыню за некалькі гадоў аграрыі рэгіёну дабіліся сур'ёзных поспехаў: заданне па нарыхтоўцы сенажу выканана на 110 працэнтаў, што дало магчымасць аптымізаваць сянажна–сіласныя суадносіны, чаго не ўдавалася дасягнуць у папярэднія гады.

У многім гэтаму пасадзейнічала наша работа: па выніках маніторынгу КДК у шэрагу гаспадарак своечасова прыняты меры па аднаўленні кормаўборачнай тэхнікі, падрыхтоўцы сховішчаў і выкананні тэхналогіі закладкі кармоў. З улікам нашых прапаноў сяўба шматгадовай травы на раллі выканана ў поўным аб'ёме, а перазалужэнне лугапашавых угоддзяў праведзена на плошчы 23,8 тысячы гектараў — гэта 93 працэнты да задання (на 17 працэнтаў вышэй, чым у 2024 годзе).

Зараз перад аграрыямі стаіць задача дабіцца вынікаў не горш за леташнія, патэнцыял для гэтага ёсць.

 СБ