Пазачарговая дваццаць сёмая сесія Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў дваццаць дзявятага склікання адбылася сёння ў аблвыканкаме пад старшынствам Аляксандра Гарошкіна. Удзел у яе рабоце прынялі старшыня аблвыканкама Анатоль Ісачанка, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – інспектар па Магілёўскай вобласці Надзея Каткавец. А таксама дэпутаты абласнога Савета, члены аблвыканкама, кіраўнікі структурных падраздзяленняў абласнога выканаўчага камітэта, старшыні гарадскіх і раённых Саветаў дэпутатаў, старшыні гарадскіх і раённых выканаўчых камітэтаў, у тым ліку – у рэгіянальных студыях, прадстаўнікі праваахоўных органаў, Моладзевага савета пры абласным Савеце дэпутатаў, СМІ.


На парадак дня было вынесена пытанне, якое датычыцца ўзбуйнення межаў Дрыбінскага раёна. Удзельнікамі пасяджэння быў разгледжаны праект рашэння «Аб унясенні прапаноў па пытанні адміністрацыйна тэрытарыяльнага ўладкавання». Мерапрыемства прайшло ў канструктыўным ключы і было накіравана на рэалізацыю даручэння кіраўніка дзяржавы, якое было дадзена ў рэзалюцыі ад 16 чэрвеня 2026 года.


Як было адзначана ў ходзе пасяджэння, неабходнасць перадачы часткі зямель Горацкага, Магілёўскага і Чавускага раёнаў у склад Дрыбінскага раёна прадыктавана стратэгічнымі задачамі сацыяльна–эканамічнага развіцця рэгіёну. Праект рашэння падрыхтаваны на падставе Закона Рэспублікі Беларусь «Аб адміністрацыйна–тэрытарыяльным ладзе Рэспублікі Беларусь» і рашэнняў раённых Саветаў дэпутатаў.


Галоўная мэта ўзбуйнення – не проста змена межаў на карце, а стварэнне ўмоў для ўстойлівага росту тэрыторыі. У сваім выступленні Анатоль Ісачанка падкрэсліў, што ў сувязі з узбуйненнем раёна запланавана паляпшэнне транспартнага складальніка, рамонт і будаўніцтва дарог, а таксама ўзвядзенне новых аб'ектаў інфраструктуры. Асаблівы акцэнт зроблены на стварэнні новых рабочых месц, будаўніцтве жывёлагадоўчых комплексаў і прыцягненні інвестыцый, у тым ліку прадугледжаны льготы для бізнесу. Пад гэтыя мэты прадугледжваецца выдзяленне бюджэтных сродкаў, якія будуць накіраваны на паляпшэнне якасці жыцця грамадзян.


Важнай часткай работы над праектам стала ўсебаковае вывучэнне меркавання грамадзян. У адпаведнасці з заканадаўствам, у раённых газетах і на афіцыйных сайтах райвыканкамаў былі размешчаны паведамленні аб неабходнасці змены меж. У ходзе грамадскага абмеркавання ў Горацкі і Дрыбінскі раёны прапаноў не паступала. У той жа час у Магілёўскі і Чавускі райвыканкамы паступілі калектыўныя і індывідуальныя звароты ад жыхароў населеных пунктаў, якія планавалася ўключыць у склад Дрыбінскага раёна (вёскі Вялікае Бушкава, Васілевічы, Зарэсце, Малое Бушкава, Супонічы, Ходнева, аграгарадкі Сласцены і Радамля). Людзі выказвалі апасенні наконт аддаленасці ад раённага цэнтра, адсутнасці аўтобусных зносін, якасці дарог, медыцынскага абслугоўвання і захавання Сласцяноўскай сярэдняй школы. Гэтыя сігналы не засталіся без увагі.


Як падкрэсліў старшыня абласнога Савета дэпутатаў Аляксандр Гарошкін, усе пытанні і меркаванні грамадзян, якія прагучалі падчас сустрэч і грамадскага абмеркавання, былі ўнесены ў падмурак рашэння, якое прымаецца. Члены рабочай групы з удзелам кіраўніцтва аблвыканкама і раённых улад правялі сустрэчы з насельніцтвам, у ходзе якіх грамадзянам былі дадзены падрабязныя тлумачэнні па ўсіх хвалюючых іх пытаннях, якія датычацца навучання дзяцей у школах і атрымання медыцынскай дапамогі.


«Мы павінны прыслухоўвацца да меркавання людзей. Наша галоўная задача – прадставіць інтарэсы людзей ва ўладзе. Мы робім усё для таго, каб жыццё людзей не пагоршылася, а палепшылася. Упэўнены, што ў выніку гэтага рашэння людзі не страцяць, а набудуць», – адзначыў Аляксандр Гарошкін.

Аляксандр Гарошкін запэўніў, што ўлада нясе адказнасць за выкананне гэтых абяцанняў. І пытанні транспартнага забеспячэння, медыцынскага абслугоўвання і работы сацыяльных устаноў будуць знаходзіцца на асаблівым кантролі. Было адзначана, што бюджэт вобласці будзе ўкладваць сур'ёзныя рэсурсы ў развіццё тэрыторый, якія далучаюцца, каб людзі адчувалі сябе камфортна незалежна ад месца пражывання.


Надзея Каткавец таксама падтрымала прапанову, акцэнтаваўшы ўвагу на тым, што людзі шмат выказваліся ў працэсе падрыхтоўкі гэтага рашэння – гэта натуральны працэс жывога дыялогу. І самая важная задача была данесці ім – уладай робіцца максімальна ўсё для таго, каб умацаваць гэты раён, каб ствараць працоўныя месцы, паляпшаць сацыяльную сферу для людзей, якія жывуць на гэтай тэрыторыі.


Па выніках галасавання дэпутаты абласнога Савета прынялі рашэнне ўнесці ў Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь прапановы аб змяненні граніц Горацкага, Дрыбінскага, Магілёўскага і Чавускага раёнаў. Адпаведныя матэрыялы, падрыхтаваныя рэспубліканскім даччыным унітарным прадпрыемствам «Праектны інстытут Магілёўгіпразем», будуць накіраваны для прыняцця канчатковага рашэння Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.

Юлія Таранава, фота Галіны Гаўрыловіч