Зернесушыльныя комплексы функцыянуюць 24/7, нават калі само жніво дажджы ставяць на кароткую паўзу.

Стаўка цяперашняй уборачнай, асабліва ў сырое надвор'е, усё больш робіцца на тэхналогіі – збожжа ў вялікіх аб'ёмах трэба прасушваць. Каб не страціць яго якасці, зернесушыльныя комплексы, напрыклад, Магілёўскай вобласці перайшлі на кругласутачны рэжым работы. На селектарнай нарадзе па пытаннях уборачнай кампаніі 2026 года Аляксандр Лукашэнка заявіў, што менавіта бездакорная работа сушыльнай гаспадаркі вызначае ў многім поспех усяго жніва.

У адным звяне

У ААТ «Магілёўскі лянок» Магілёўскага раёна два зернесушыльныя комплексы. Умовы надвор'я матывуюць хлебаробаў выконваць усе работы вокамгненна, падкрэслівае дырэктар сельгаспрадпрыемства Яўген Хахлоў.

Прэзідэнт запатрабаваў, каб усе збожжатакі і зернесушылкі былі цалкам спраўныя, – Яўген Хахлоў удакладняе, што рамонт комплексаў да сезону пачалі загадзя яшчэ ў сакавіку. – Галоўнае – арганізацыя і дысцыпліна. І як справядліва заўважыў Аляксандр Лукашэнка, для своечасовай уборкі ў нас усё ёсць, трэба проста ўсім варушыцца. Ураджай радуе, таму толькі наперад, кожная хвіліна на вагу золата.

На збожжатоку ў вёсцы Макаранцы працуюць у дзве змены. Загадчык збожжатоку Мікалай Гелясеў уважліва пераправярае якасць сушкі рапсу з дапамогай вільгацямера: зыходная вільготнасць складае 17 працэнтаў, норма — 7. У папярэдні дзень з палёў сюды даставілі 250 тон «чорнага золата», палову ўжо высушылі. З азімым ячменем было прасцей: падчас яго ўборкі надвор'е было сонечным, збожжа прывозілі з палёў практычна ідэальнай вільготнасці.


Мікалай Уладзіміравіч акцэнтуе:

Збожжаток – сэрца ўсяго жніва. Канешне, перажываем з–за надвор'я. Важна ж не проста вырасціць ураджай, а сабраць яго без страт, давесці да кандыцыі і захаваць. Мы зараз мабілізаваны. Прэзідэнт сказаў важныя словы аб тым, што ў менталітэце беларусаў трывала закладзена – нават калі свет скалынаюць войны, нам трэба араць, сеяць і ўбіраць хлеб, бо гэта гарантыя нашай харчовай бяспекі.

На поўную магутнасць

Слесары і аператары самі рыхтавалі сушылку, самі ж яе і абслугоўваюць. За пультам кіравання ў аператарскай Мікалай Малахаў. Ад яго напрамую залежыць якасць сушкі і эканомнае расходаванне энергарэсурсаў:

Пакуль сур'ёзных паломак не было, хоць агрэгату гадоў дзесяць, проста трэба абслугоўваць абсталяванне сумленна і ставіцца як да свайго.

Студэнт Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі Дзмітрый Габрусь у гаспадарцы на практыцы, будучы аграном збіраецца прыйсці сюды на працу. Кажа, тут новая тэхніка, сучасны малочнатаварны комплекс, а маладым сем'ям выдзяляюць арэнднае жыллё:

Працаваць можна толькі ў камандзе, калі кожны на сваім працоўным месцы ўсё робіць на сумленне.


Старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка падкрэслівае, што дапрацоўцы збожжавых у рэгіёне трэба надаць павышаную ўвагу:

Адпрацаваны графікі перакідкі збожжа з улікам магутнасцей камбінатаў хлебапрадуктаў. У нас сутачная прадукцыйнасць зернеачышчальна–сушыльных комплексаў – 72 тысячы тон, а сярэдні намалот у раёне 45 – 50 тысяч тон. Гэта значыць нашы магутнасці дазваляюць апрацаваць усё зерне.

Тэхнічная аснашчанасць гаспадарак дае магчымасць правесці ўборку якасна і ў аптымальныя тэрміны. Ураджай добры, зараз яго трэба ўзяць па максімуме.

СБ