RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Рэспубліканскае свята «Купалле» («Александрыя збірае сяброў») чакае гасцей

Усе дарогі вядуць у Александрыю

Беларуская чыгунка прызначыла 14 дадатковых цягнікоў для дастаўкі гасцей і ўдзельнікаў рэспубліканскага свята «Купалле» («Александрыя збірае сяброў»), якое адбудзецца 8 ліпеня ў аграгарадку Александрыя Шклоўскага раёна. Графік руху дадатковых цягнікоў складзены з улікам часу пачатку і заканчэння канцэртнай праграмы.

Так, 8 ліпеня ў дадатак да дзейнага раскладу прызначаны цягнікі рэгіянальных ліній эканомкласа паведамленнем Магілёў — Копысь — Магілёў і Орша — Копысь — Орша, а 9 ліпеня — паведамленнем Копысь — Магілёў і Копысь — Орша. Акрамя таго, 8 ліпеня цягнікам міжрэгіянальных ліній бізнес-класа № 705 Полацк - Магілёў і № 706 Магілёў - Полацк прадугледжаны прыпынак на станцыі Копысь. Тут жа з улікам дзейнага графіка руху 8 і 9 ліпеня будуць спыняцца 28 цягнікоў рэгіянальных і міжрэгіянальных ліній, якія курсуюць з Магілёва, Оршы, Віцебска, Гомеля, Полацка і Брэста.

Купіць білеты можна на афіцыйным інтэрнет-сайце БЧ у раздзеле «Паслугі пасажырам» (pass.rw.by), з дапамогай мабільнага дадатку «БЧ. Мой цягнік», а таксама ў чыгуначных касах. Больш падрабязныя звесткі аб раскладзе руху цягнікоў, прыпынках і кошце праезду можна атрымаць на афіцыйным сайце БЧ і ў кантакт-цэнтры па тэлефоне 105.

Нагадаем, сёлета на беразе Дняпра адбудзецца беларуска-расійскі канцэрт «Саюзныя зоркі ў гасцях у Александрыі». А вялікая купальская праграма пройдзе ў фармаце народнага музычнага рынга. Старт творчым нумарам дасць музычны пралог «Славянская душа». Затым на сцэну выйдуць удзельнікі тэлепраектаў «Фактор.by» і «Зорны шлях», баяністы і выканаўцы, якія іграюць на арыгінальных музычных інструментах: касе, пілі, кухонным посудзе. Таксама ў праграме нумара спартсменаў і каскадзёраў. Сваю творчасць гасцям «Купаля» падораць калектывы Магілёўскай вобласці, а таксама Аляксандр Саладуха, Ірына Дарафеева, Жанет, Алена Ланская, Руслан Аляхно, гурт «Аура», ансамбль «Песняры». У спісе зорных гасцей — саліст гурта «Земляне» Сяргей Скачкоў, спявачка Зара, народная артыстка Расіі Надзея Кадышава. У фінале канцэртнай праграмы прагучыць новая песня Ганны Благавай «Мірнае неба». Запланаваны ў Александрыі і святочны феерверк. А маладзёжная дыскатэка «Купальскі мікс» пачнецца з лазернага шоу і працягнецца да раніцы.

СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая