RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Рэспубліканскае свята «Купалле» ў Шклоўскім раёне наведаюць не менш як 70 тыс. чалавек

Рэспубліканскае свята «Купалле» («Александрыя збірае сяброў») у Шклоўскім раёне наведаюць не менш як 70 тыс. чалавек. Пра гэта расказаў намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка ў Доме прэсы падчас прэс-канферэнцыі па падрыхтоўцы і правядзенні мерапрыемства.

«Любімае ўсімі свята разгорнецца 8 ліпеня побач з пасёлкам Александрыя на беразе Дняпра - ракі, якая аб'ядноўвае некалькі славянскіх народаў, - сказаў Валерый Малашка. - Гэтае месца характэрна яшчэ і тым, што стала малой радзімай нашага Прэзідэнта, і правядзенне тут гэтага мерапрыемства - яго заслуга. На працягу многіх гадоў свята - найярчэйшая культурная падзея ў Магілёўскай вобласці. Апошнія сем гадоў усе рэгіёны нашай краіны прадстаўляюць у Александрыі свае сцэнічныя прасторы і пляцоўкі, традыцыйна прыязджаюць госці з Расіі. У праграме гулянняў запланавана работа малой і галоўнай канцэртных пляцовак, выстава-кірмаш «Абярэг міру і саюзнага адзінства», шматлікія тэматычныя пляцоўкі, гандлёвыя рады. Праца ўжо кіпіць, літаральна праз паўтара тыдня на беразе Дняпра вырасце цэлы горад. У гэтым годзе александрыйская зямля прытуліць не менш за 70 тыс. чалавек: усяго за адзін дзень правядзення свята насельніцтва Шклоўскага раёна прырастае ў два-тры разы».

Арганізатары чакаюць, што колькасць гасцей сёлета будзе не меншай, чым летась. Пра гэта гаворыць і той факт, што на мерапрыемства заяўлена нашмат больш удзельнікаў. Толькі суб'екты гаспадарання прыраслі на 50 арганізацый, а каб размясціць усіх ахвочых, спатрэбілася арганізаваць дадатковую пляцоўку памерам з футбольнае поле. У выніку гулянні разгорнуцца на тэрыторыі, роўнай дзесяці такім палям. Дадасца колькасць рамеснікаў і народных умельцаў: апрача беларускіх майстроў свае работы прадэманструюць 90 прадстаўнікоў з Расіі. Яны прыедуць з 19 рэгіёнаў краіны, у тым ліку самых аддаленых - Ханты-Мансійска, Дагестана, Кабардзіна-Балкарыі, Алтайскага краю. У параўнанні з мінулым годам колькасць расійскіх умельцаў прырасла на больш чым два дзясяткі чалавек.

Апроч шматлікіх культурна-забаўляльных мерапрыемстваў праграма прадугледжвае шэраг дзелавых сустрэч з прадстаўнікамі расійскіх рэгіёнаў. Свой удзел у свяце пацвердзілі больш за 30 дыпламатычных прадстаўніцтваў, а 8 рэгіёнаў Расіі будуць прадстаўлены на самым высокім кіруючым узроўні. «Мы збярэмся на фестывальнай пляцоўцы не толькі каб прадэманстраваць свае культурныя дасягненні, пагрузіць гасцей у сваю гісторыю і самабытнасць, але і каб паразмаўляць у эканамічным плане, - удакладніў Валерый Малашка. - Выбудоўванне адносін, наладжванне міжрэгіянальных кантактаў, работа дзелавых пляцовак, абмеркаванне розных форм супрацоўніцтва - гэтаму будзе ўдзелена максімальная ўвага. Таксама ў нашых гасцей будзе магчымасць наведаць прадпрыемствы вобласці і пазнаёміцца з эканамічным патэнцыялам рэгіёна».

Важным складнікам свята стане канцэрт «Саюзныя зоркі ў гасцях у Александрыі». Вядомыя і любімыя ўсімі кампазіцыі выканаюць зоркі расійскай і беларускай эстрады, у тым ліку народная артыстка Расіі Надзея Кадышава і заслужаны артыст Беларусі Руслан Аляхно. Будзе здзіўляць і маладзёжная пляцоўка, на якой разгорнуцца прэс-цэнтр, спартыўныя лакацыі, прафарыентацыйная зона і палявы кінатэатр. Таксама тут пройдуць фінал рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта «Уладар вёскі» і конкурс па хуткаснай зборцы карт-пазлаў «Ведаю Беларусь». Другі год запар пра падзеі ў Александрыі будуць расказваць маладыя беларускія блогеры, усё, што адбываецца на купальскім полі, можна будзе ўбачыць падчас анлайн-трансляцыі, а таксама на спецыяльна ўстаноўленых у месцы правядзення свята мультымедыйных экранах.

«Праграма мерапрыемства, якое мае адбыцца, вельмі насычаная і цікавая, падчас «Купаля» кожны знойдзе нешта сваё. З боку арганізатараў будзе зроблена ўсё, каб знаходжанне людзей у Александрыі было максімальна займальным і камфортным», - сказаў на заканчэнне Валерый Малашка.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая