RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Рэспубліканская акцыя “Бяспечны Новы год!» пройдзе ў Магілёўскай вобласці 2–28 снежня

Рэспубліканская акцыя «Бяспечны Новы год!» пройдзе ў Магілёўскай вобласці 2–28 снежня. Пра гэта паведаміла старшы інспектар абласнога ўпраўлення МНС Вольга Нехарошых.

Са слоў суразмоўніцы, галоўнай мэтай мерапрыемства з’яўляецца папярэджанне надзвычайных сітуацый у пераднавагодні перыяд. «Ад работнікаў МНС можна будзе даведацца, як бяспечна ўпрыгожыць навагоднюю ёлку, Што рабіць, каб не апынуцца ў бальніцы праз петарду або феерверк, чаму нельга гуляць на лёдзе, як не змерзнуць у моцны мароз і якія меры распачаць, калі ўсё ж такі здарылася бяда. Акцыя будзе аднолькава цікавая як новаму пакаленню, так і дарослым», – адзначыла Вольга Нехарошых.

Мерапрыемства пройдзе ў чатыры этапы. Першы працягнецца з 2 па 6 снежня. Ратавальнікі наведаюць санаторыі, аздараўленчыя цэнтры, прафілакторыі, дамы адпачынку, пансіянаты, дамы ветэранаў, цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. У забаўляльна-інфармацыйнай праграме запланаваны тэматычныя конкурсы і віктарыны, бяспройгрышныя латарэі, лекцыі, дэманстрацыі тэматычных фільмаў і ролікаў.

Падчас другой часткі – з 9 па 17 снежня – навучанне пройдзе ў агульнаадукацыйных установах, дамах сямейнага тыпу, установах пазашкольнай працы і сем’ях, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. «З дапамогай розных гульняў і віктарын мы паспрабуем пераканаць дзяцей у тым, што выкарыстоўваць піратэхніку ім нельга», – падкрэсліла Вольга Нехарошых.

Асаблівая фішка акцыі на гэтым этапе – правядзенне крэатыўнай і папулярнай рэкламнай кампаніі «Поўны адрыў». Сутнасць яе заключаецца ў тым, што ва ўстановах адукацыі, а таксама ў месцах верагоднага з’яўлення непаўналетніх (кінатэатры, гандлёва-забаўляльныя цэнтры) будуць размяшчацца рэкламныя аб’явы ў форме рукі. На кожным яе пальцы пазначаны тэлефонны нумар абласнога цэнтра прапаганды. Тым, хто патэлефануе з просьбай аб куплі петард, адкажа работнік МНС і раскажа аб небяспецы выкарыстання піратэхнікі.

На трэцім этапе акцыі 18–24 снежня Дзед Мароз, Снягурка і іншыя казачныя персанажы правядуць прафілактычныя гутаркі і нагадаюць аб бяспечным выкарыстанні феерверкаў у месцах продажу піратэхнічных вырабаў, на закрытых і адкрытых лядовых катках і ў дзіцячых установах аховы здароўя.
Фінальныя мерапрыемствы акцыі запланаваны на 26–28 снежня. Гэтымі днямі Дзед Мароз і Снягурка адправяцца ў месцы масавага знаходжання людзей: буйныя гандлёвыя цэнтры, рынкі, дзіцячыя забаўляльныя цэнтры.

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая