RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Рэспубліканскі форум МААП «Служым #раЗАм» пройдзе 18–19 лютага ў Магілёве

Рэспубліканскі форум для ўдзельнікаў руху моладзевых атрадаў аховы правапарадку «Служым #раЗАм» пройдзе 18–19 лютага ў Магілёве, паведаміла сакратар Цэнтральнага камітэта Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі Аляксандра Ганчарова.

«Удзельнікамі форума стане 60 прадстаўнікоў МААП з усіх рэгіёнаў краіны, а таксама сакратары галіновых камітэтаў і першасных арганізацый БРСМ сілавых структур і профільных устаноў адукацыі. Яго мэта –пазнаёміць моладзь з працай МУС, МНС, службай ва Узброеных Сілах», – паведаміла Аляксандра Ганчарова.

Пляцоўкай для правядзення асноўных мерапрыемстваў форума стане Магілёўскі інстытут МУС. «Яго праграма напоўнена рознымі відамі актыўнасці. Так, адразу пасля ўрачыстай цырымоніі адкрыцця ўсе ўдзельнікі форума пройдуць на тэрыторыі інстытута квэст «Крочым раЗАм». Выконваючы заданні квэста з кодамі і расшыфроўкамі, маладыя людзі фактычна пазнаёмяцца з усімі славутасцямі ўстановы адукацыі. Затым адбудзецца сяброўская спартакіяда «Моцныя раЗАм». У гэтых спартыўных спаборніцтвах мы не ставім перад сабой мэту вызначыць пераможцу, галоўнае – гэтазнаёмства і згуртаванне. Менавіта гэта спатрэбіцца ўдзельнікам форума на інтэлектуальным турніры «Ведаць раЗАм», які акумулюе ў сабе пытанні па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, моладзевага праваахоўнага руху і заканадаўства Беларусі», – адзначыла сакратар ЦК БРСМ.

Другі дзень форума пачнецца з курсанцкай зарадкі «Пад’ём раЗАм», пасля чаго пачнуць сваю працу адукацыйныя пляцоўкі. Яны пройдуць у фармаце трэнінгаў «Навучацца раЗАм» на базе кафедраў адміністрацыйных дысцыплін і аператыўна-вышуковай дзейнасці Магілёўскага інстытута МУС. Практычны майстар-клас адбудзецца ў папраўчай установе «Турма №4» упраўлення Дэпартамента выканання пакаранняў МУС па Магілёўскай вобласці.

«У рэспубліканскім пасяджэнні штаба МААП «Стратэгія развіцця моладзевай палітыкі сярод студэнтаў сілавых устаноў вышэйшай адукацыі Рэспублікі Беларусь», які таксама пройдзе на палях форума, мы запрасілі прыняць удзел каардынатараў руху з усёй рэспублікі. Гэта будзе дыскусійная пляцоўка, дзе мы абмяркуем новую стратэгію руху, праблемныя пытанні, якія ўзнікаюць пры арганізацыі дзейнасці атрадаў. Мы чакаем прапаноў па ўдасканаленні нарматыўна-прававой базы ўказанага кірунку. Таксама падчас пасяджэння штаба плануем прэзентаваць стратэгію развіцця праваахоўнага моладзевага руху», – дадала Аляксандра Ганчарова.

Экскурсійная праграма «Памятаць раЗАм» уключае наведванне мемарыяльнага комплексу «Буйніцкае поле», плошчы Славы, удзельнікі форума ўскладуць кветкі да помніка батальёну міліцыі капітана К. Г. Уладзімірава, пабываюць у магілёўскай ратушы. Падчас урачыстай цырымоніі закрыцця рэспубліканскага форума «Найлепшыя раЗАм»адбудзецца ўзнагароджанне найлепшых атрадаў і камандзіраў МААП па выніках рэспубліканскага конкурсу «Найлепшы моладзевы атрад аховы правапарадку і найлепшы штаб МААП».

Рэспубліканскі моладзевы форум для ўдзельнікаў МААП «Служым #раЗАм» праводзіцца БРСМ пры падтрымцы зацікаўленых. Мерапрыемства дае старт рэспубліканскай патрыятычнай акцыі «Я служу!».


БЕЛТА

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая