RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Саўмін зацвердзіў новы спіс неспрыяльных для вытворчасці сельгаспрадукцыі раёнаў: у Магілёўскай вобласці іх 13

У пералік раёнаў, якія адносяцца да неспрыяльных для вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі, на 2020–2024 гады ўвайшло 66 раёнаў. Адпаведнае рашэнне замацавана пастановай Савета Міністраў ад 27 лістапада 2019 года № 800, паведамляецца на сайце ўрада.

Згодна з Палажэннем аб парадку аднясення раёнаў да неспрыяльных для вытворчасці сельгаспрадукцыі, такім прызнаецца раён, на тэрыторыі якога ў сувязі з прыродна-кліматычнымі, глебавымі, экалагічнымі і сацыяльна-эканамічнымі паказчыкамі (фактарамі) арганізацыя высокарэнтабельнай вытворчасці немагчымая.

Крытэрыямі аднясення раёнаў да неспрыяльных з’яўляюцца: бал кадастравай ацэнкі сельскагаспадарчых зямель сельгаспрызначэння; удзельная вага сельскагаспадарчых зямель, забруджаных радыенуклідамі цэзію-137 і стронцыю-90 з узроўнем іх утрымання ад 1 Кі/кв. км і вышэй і 0,15 Кі/кв. км і вышэй адпаведна, у агульнай плошчы сельскагаспадарчых зямель сельгаспрызначэння за справаздачны перыяд; удзельная вага насельніцтва ў працаздольным узросце ў агульнай колькасці насельніцтва, якое пражывае на тэрыторыі раёна; узровень зарэгістраваных беспрацоўных за апошні справаздачны год.

У Гродзенскай вобласці для вытворчасці сельгаспрадукцыі неспрыяльныя 3 раёны, у Брэсцкай – 5, Мінскай – 7, Віцебскай – 18, Гомельскай – 20. У Магілёўскай вобласці такіх 13: Бялыніцкі, Бабруйскі, Быхаўскі, Глускі, Дрыбінскі, Клімавіцкі, Касцюковіцкі, Краснапольскі, Магілёўскі, Слаўгарадскі, Хоцімскі, Чавускі, Чэрыкаўскі.

Пералік раёнаў, якія адносяцца да неспрыяльных для вытворчасці сельгаспрадукцыі, фарміруецца раз на пяць гадоў.

Юрыдычным асобам, якія вырабляюць сельгаспрадукцыю ва ўключаных у пералік раёнах, робіцца выплата надбавак са сродкаў мясцовых бюджэтаў на рэалізаваную або накіраваную ў перапрацоўку сельскагаспадарчую прадукцыю.

Асноўныя палажэнні пастановы ўступаюць у сілу з 1 студзеня 2020 года.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая