RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Школьныя кірмашы пачнуць працу ў Магілёўскай вобласці з 30 ліпеня

Школьныя кірмашы пачнуць працу ў Магілёўскай вобласці з 30 ліпеня. Пра гэта паведаміла намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення гандлю і паслуг Магілёўскага аблвыканкама Вераніка Цітова.

«У рэгіёне будзе арганізавана больш як 65 школьных кірмашоў, – адзначыла Вераніка Цітова. – Самыя вялікія з іх размесцяцца на тэрыторыі Магілёва і Бабруйска. Так, у абласным цэнтры школьны асартымент будзе прадстаўлены на дзвюх адкрытых пляцоўках: каля парка атракцыёнаў па праспекце Пушкінскім і па вул. Якубоўскага, 44 (ГЦ «Авеню»).Гандлёвыя рады таксама з’явяцца ў кожным раённым цэнтры. Яны будуць працаваць па пэўных днях у залежнасці ад пакупніцкага попыту».

Адным з першых у вобласці адкрыецца школьны кірмаш па вул. Сацыялістычнай у Бабруйску. Тут можна зрабіць пакупкі з 30 ліпеня па 5 верасня штодня, акрамя панядзелка (выхадны). Гандлёвыя рады прадставяць больш за 30 суб’ектаў гаспадарання. Плануецца, што час працы аб’екта будзе ўстаноўлены з 9.00 да 16.00. У гэты ж перыяд міні-кірмаш разгорнецца ў двары бабруйскага ўнівермага па адрасе вул. М. Горкага, 29. Час працы аб’екта ўдакладняецца.

Школьны рынак каля парку атракцыёнаў у Магілёве збярэ на адной пляцоўцы амаль 70 суб’ектаў гаспадарання. Ён будзе арганізаваны ў перыяд з 3 па 31 жніўня, час працы 11.00–19.00. Старт продажаў на школьным кірмашы па вул. Якубоўскага абласнога цэнтра запланаваны ўжо 1 жніўня. Тут можна набыць неабходныя тавары да новага навучальнага года па 31 жніўня з 9.00 да 19.00. Сваю прадукцыю прадставіць больш за 40 суб’ектаў гаспадарання.

На кірмашах традыцыйна будзе прадстаўлены шырокі асартымент школьных тавараў – ад канцылярскіх прыладаў і заплечнікаў да адзення і абутку дзелавога стылю. Пераважна гэта будуць тавары беларускіх вытворцаў з паніжанымі гандлёвымі надбаўкамі або адпускнымі цэнамі вытворцаў. Таксама ў жніўні ў гандлёвых аб’ектах будуць арганізаваны тэматычныя секцыі, дзе жыхары вобласці знойдуць неабходныя тавары да школы. У крамах пройдуць розныя акцыі і зніжкі да новага навучальнага года. Акрамя таго, пакупнікам прапануюць набыць школьныя тавары ў растэрміноўку або крэдыт.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая