RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Што «М.@rt.контакт – 2023» рыхтуе: чатыры краіны, амаль два дзясяткі спектакляў, дадатковы фестывальны дзень…

XVI Міжнародны маладзёжны тэатральны форум «M.@rt.кантакт» пройдзе ў Магілёве з 20 па 27 сакавіка. І сёлета, нягледзячы на ўздзеянне знешніх абставін, якое працягваецца, ён вернецца да свайго традыцыйнага фармату. У асноўнай праграме запланавана 19 спектакляў з чатырох краін: Беларусь, Расія, Казахстан і Балгарыя. Пра гэта 27 студзеня на прэс-канферэнцыі, прысвечанай тэатральнаму форуму, расказалі яго арганізатары. Таксама яны анансавалі, чым плануюць здзівіць знатакоў высокага сцэнічнага мастацтва на гэты раз.

«Найперш хочацца павіншаваць тэатральнага гледача Магілёўшчыны, што «М.@rt.кантакт» вяртаецца ў той поўнамаштабнай задумцы, у якой ён існаваў з 2006 года, – адзначыў намеснік старшыні аблвыканкама Валерый Малашка. – Вельмі важна, што захоўваючы ўсе тыя формы, якія цягам апошніх гадоў былі класічнымі для гэтага фестывалю, мы вяртаем і вялікую колькасць творчых калектываў, якія змогуць прадэманстраваць сваю творчасць.

Найлепшыя спектаклі апошніх гадоў, зробленыя маладымі рэжысёрамі і сцэнарыстамі, у сакавіцкія дні прагрымяць на тэатральных падмостках Магілёўшчыны.

Мы бачым сур'ёзную цікавасць аўтарытэтных крытыкаў. І можам казаць аб тым, што беларускі тэатр, як і фестываль у прыватнасці, перажыў крызіс пандэмічны і палітычны. І сёння існуе, і існуе годна. Форум чакае свайго гледача, упэўнены, што кожны знойдзе для сябе тут нешта даспадобы».

Як падкрэсліў Валерый Малашка, для аргкамітэта сёлета было асабліва важна вярнуць фестывалю традыцыйныя складнікі, у тым ліку - конкурсную атмасферу, чыткі, сустрэчы, маладзёжнае журы, круглыя сталы па абмеркаванню спектакляў, захаваць разнастайнасць тэатральных пляцовак і па магчымасці адкрыць новыя.

«Дакладна мы бачым, што не стаім на месцы, фестываль развіваецца. Нам у чарговы раз удалося сабраць на пляцоўцы маладзёжнага форуму значныя тэатры і спектаклі, - падзяліўся меркаваннем ён. - Мы разумеем, што павінны ў першую чаргу фармаваць сацыякультурную прастору, якая будзе настройваць нас усіх на пазітыў.

Наша пляцоўка ўнікальная для маладых рэжысёраў і сцэнарыстаў – яна з'яўляецца нейкай мерай. Тут у кожнага ёсць магчымасць выказацца, прадэманстраваць сваё індывідуальнае рэжысёрскае прачытанне».

У рамках форуму традыцыйна будуць паказаны спектаклі пра моладзь, для моладзі і з удзелам моладзі беларускіх і замежных тэатральных калектываў. У праграме форуму таксама па даўняй традыцыі - майстар-класы і творчыя сустрэчы, майстэрня маладой рэжысуры ў рамках творчай лабараторыі, тэатралізаваныя паказы на вулічных пляцоўках і інш.

У сваю чаргу, дырэктар Магілёўскага драмтэатра Ірына Белякова адзначыла, што хаця фарматы ў цэлым застаюцца традыцыйнымі, аднак калектывы прыязджаюць новыя і фестываль зноў і зноў не перастае здзіўляць і радаваць. На асноўнай сцэне тэатра падчас тэатральнага форуму спектаклі запланаваны штодзень, задзейнічана будзе і малая сцэна.

«Акрамя нашых пляцовак, паказы пройдуць у тэатры лялек і канцэртнай зале «Магілёў». Акрамя таго, мы плануем пазнаёміць гледача з новай арт-прасторай, якую плануецца адкрыць у рамках «М.@rt.кантакта».

Падчас урачыстага закрыцця форуму кожны творчы калектыў атрымае дыплом і «Сярэбраную маску». Тры «Залатыя маскі» уручаць лепшым з лепшых па рашэнні моладзевага журы, экспертаў і зыходзячы з сімпатый гледачоў», - распавяла яна.

У сувязі з тым, што штогод заявак на ўдзел у форуме паступае больш, чым ён можа змясціць, а таксама з нагоды 135-годдзя абласнога драмтэатра, аргкамітэтам было прынята рашэнне адступіць ад традыцыі і арганізаваць дадатковы фестывальны дзень. Так, сёлета «М.@rt.кантакт» пачнецца на дзень раней, што стане бонусам для гледачоў, даўшы магчымасць убачыць больш спектакляў. Па словах арганізатараў, рэпертуар абяцае быць відовішчным. Напрыклад, у праграме тэатральнага форуму заяўлены шасцігадзінны спектакль маладзёжнага тэатра з Гомеля, які складаецца з дзвюх самастойных пастановак «451° па Фарэнгейце: шлях Кларысы» і «451° па Фарэнгейце: шлях Мілдрэд», уключаючы двухгадзінны антракт. Не менш уражлівым чакаецца спектакль на псеўда нямецкай мове «Марыя Сцюарт» Пецярбургскага камернага тэатра «ТОК». Яго стваральнікі просяць загадзя не хвалявацца з-за складанасці разумення – перад пачаткам спектакля гледачам раздадуць лібрэта, якое патлумачыць дзейства. Адной з жамчужын форуму арганізатары называюць і спектакль «Кароль Лір» тэатра-студыі «Невялікі драматычны тэатр» з Санкт-Пецярбурга - лаўрэат мноства прэмій і конкурсаў. Акцэнт на біяграфіі камедыйнага акцёра Чарлі Чапліна будзе зроблены ў аднайменнай трагікамедыі «Чарлі Чаплін» тэатра драмы і камедыі ім. А. Мамбетава з Астаны (Казахстан). Выяўленчым сродкам у спектаклі-разважанні «Пачупкі» Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі выступяць гук і работа ўяўлення гледача. Аматараў мюзіклаў парадуе пастаноўка «Людзі Ламанчы» Арлоўскага дзяржаўнага тэатра для дзяцей і моладзі «Свабодная прастора».

Адкрыецца ж шаснаццаты форум спектаклем «Карэніна» паводле рамана Льва Талстога, прадстаўленным тэатральным праектам «ТрыТфармат» з Мінска, які на фестывалі мінулага года заваяваў прыз сімпатый гледачоў. Таксама ўвазе гледача паўстануць пастаноўкі ад класікі да артхаўса: «Локіc» Гродзенскага абласнога тэатра лялек, «Мікітаў лапаць» тэатра-студыі кінаакцёра з Мінска, «Магіла льва» Магілёўскага абласнога тэатра лялек, «Дэтэктыў Крыстафер» тэатра драмы і камедыі ім. А. Мамбетава з Астаны (Казахстан), «Урок» тэатра юных гледачоў ім. А.А. Бранцава з Санкт-Пецярбурга, «Фігаро» Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра юнага гледача, «Фаўст» Пецярбургскага камернага тэатра «ТОК», «На дне» Пермскага тэатра «Ля Маста», «Агнес, жонка Уіла» тэатра «Сляза і смех» з Балгарыі, аўтарскі монаспектакль «Я – лепшы» магілёўскага артыста Паўла Усовіча.

Фінальным акордам фестывалю прагучыць спектакль Магілёўскага абласнога драмтэатра «Шалёныя грошы». Як патлумачыла галоўны рэжысёр абласнога драмтэатра Каміля Хусаінава, спектакль паводле аднайменнага твора Аляксандра Астроўскага, напісанага ў 1869 годзе, і сёння гучыць актуальна дзякуючы таму, што дзеянне перанесена ў сучасныя рэаліі.

«Яскравая па касцюмах і персанажах пастаноўка працягласцю каля трох гадзін задзейнічае на сцэне каля 20 акцёраў. Дзеянні ў ёй не прывязаны да XIX стагоддзя, хутчэй - перанесены ў XXI. Гэта прэм'ера канца кастрычніка мінулага года. Праца над ёй вялася ў кароткія тэрміны, аднак трупа зладжаная, таму, лічу, у нас усё атрымалася. Я люблю гэтую пастаноўку.

Што тычыцца спектакляў, заяўленых у рэпертуары тэатральнага фестывалю, то хацелася б адзначыць, што пры адборы заявак перавагі аддаваліся маладым рэжысёрам і тым спектаклям і калектывам, якія маюць дасягненні ў тэатральнай сферы, лаўрэатам прэстыжных тэатральных прэмій. Таксама сёлета будзе дзейнічаць майстэрня маладой рэжысуры «site specific», пры ўдзеле двух рэжысёраў Андрэя Багданава і Мікалая Балабона, выпускнікоў Расійскага дзяржаўнага інстытута сцэнічных мастацтваў. Асаблівасцю гэтага года будзе тое, што свае эскізы яны прадставяць па-за тэатральнымі пляцоўкамі».

У прэс-канферэнцыі таксама прыняў удзел расійскі тэатральны рэжысёр Яўген Ланцоў:

«Я ўпершыню ў Беларусі і прыехаў сюды з канкрэтнай мэтай - паставіць спектакль «Лес» па камедыі Аляксандра Астроўскага з магілёўскімі акцёрамі. Гэта адна з жамчужын сусветнага рэпертуару. Няпростая, з глыбокімі сэнсамі і планамі гісторыя, якая можа прымусіць смяяцца і плакаць. Прэм'ера адбудзецца ў канцы сакавіка-красавіку - да 200-годдзя з дня нараджэння рускага драматурга і пісьменніка. Аднак мне пашанцавала ўдвая, бо я атрымаў магчымасць узяць удзел у такім унікальным тэатральным фестывалі, як «М.@rt.кантакт». Мне падабаецца яго задумка па скіраванасці і напоўненасці. Застаецца толькі пазайздросціць. Дарэчы, Беларусь я хацеў наведаць даўно, таму можна сказаць, удала здзейсніў сваю мару».

Як паведаміў начальнік упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама Алег Стэльмашок, білеты на спектаклі фестывалю «М.@rt.кантакт» паступяць у продаж ужо з панядзелка - 30 студзеня. Кошт складзе ад Br25 да Br45. Набыць іх можна ў касах тэатраў, у распаўсюджвальнікаў, а таксама купіць і забраніраваць на сайце kinoteatr.megamag.by.

Юлія Таранава, фота Галіны Гаўрыловіч

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая