RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Слонім перадаў Бялынічам эстафету Дня беларускага пісьменства

У Слоніме эстафета Дня беларускага пісьменства ўрачыста перададзена гораду Бялынічы.

Слонім 31 жніўня і 1 верасня прымаў XXVI Дзень беларускага пісьменства. Святочныя мерапрыемствы праходзілі больш чым на дзесяці пляцоўках горада. Заключныя мерапрыемствы прайшлі на галоўнай сцэне каля раённага Дома культуры. Майстры мастацтваў прадставілі праграму «Льецца песня па-над Шчарай».

Адной з кульмінацый канцэрта – закрыцця свята – стала перадача эстафеты правядзення Дня беларускага пісьменства. Старшыня Слонімскага райвыканкама Геннадзь Хоміч уручыў свайму калегу з Бялыніч Васілю Захаранку вымпел аб перадачы права на правядзенне XXVII Дня беларускага пісьменства і фаліянт ручной працы.

«З кожным годам свята набірае абароты і становіцца ўсё лепшым і лепшым. Таму ўпэўнены, што ў Бялынічах ўсё пройдзе выдатна. Спадзяюся, што і Слонім запомніцца ўсім, хто пабываў на свяце, гасцінным і адкрытым горадам. Усе жыхары прыклалі да гэтага максімум намаганняў», – адзначыў Генадзь Хоміч.

«Вядома, уражанні ад свята ў Слоніме толькі станоўчыя. Усё арганізавана на самым высокім узроўні, паднялі планку высока. Для Бялыніч прымаць эстафету і ганарова, і вельмі адказна», – адзначыў старшыня Бялыніцкага райвыканкама Васіль Захаранка. Ён падкрэсліў, што падрыхтоўка да свята ўжо стартавала. У горадзе прывядуць у парадак цэнтральную плошчу, зменяцца і іншыя аб’екты. У культурным плане гасцей свята таксама чакаюць сюрпрызы. Праўда, пакуль нюансы праграмы трымаюцца ў сакрэце.

«Правядзенне такіх святаў, фестываляў у невялікіх гарадах дазваляе іх жыхарам дакрануцца да творчасці, да мастацтва. Акрамя таго, гэта таксама спрыяе развіццю турызму, дапамагае ўсім нам лепей пазнаць родную краіну. У кожным раёне ёсць цікавыя месцы, славутасці, ёсць звязаныя з вядомымі асобамі аб’екты. І Бялыніцкі край – не выключэнне», –адзначыў Васіль Захаранка.

Дзень беларускага пісьменства адзначаецца з 1994 года ў першую нядзелю верасня. Цэнтрам свята станавіліся розныя гарады: Полацк (тройчы), Тураў (двойчы), Заслаўе (двойчы), Навагрудак, Нясвіж, Орша, Пінск, Мсціслаў, Мір, Камянец, Паставы, Шклоў, Барысаў, Смаргонь, Хойнікі, Ганцавічы, Глыбокае, Быхаў, Шчучын, Рагачоў, Іванава.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая