RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Спартакіяда работнікаў АПК збярэ на Слаўгарадчыне каля 800 удзельнікаў

Каля 800 удзельнікаў збярэ абласная летняя спартакіяда сярод сельскіх раёнаў, аб'яднанняў, прадпрыемстваў і арганізацый аграпрамысловага комплексу рэгіёну. Спартыўнае мерапрыемства пройдзе на Слаўгарадчыне 28-29 чэрвеня, распавялі карэспандэнту сайта ў Магілёўскім абласным камітэце Беларускага прафсаюза работнікаў АПК.

Зборныя дружыны на спаборніцтвы выставяць ўсе раёны, а таксама найбуйнейшыя сельскагаспадарчыя арганізацыі Прыдняпроўскага краю. Двухдзённая праграма будзе насычанай і прадугледжвае розныя спаборніцтвы.

Урачыстае адкрыццё на гарадскім стадыёне запланавана на 11.30. З 12.00 ужо пачнуцца спаборніцтвы. Кіданне гранаты і міні-футбол, шахматы і стрытбол, крос і армрэслінг, стральба – спартсмены-аматары праявяць сябе на спартыўных пляцоўках СШ №1, спартыўнай школы і гарадскога стадыёна.

Пасля спартыўнай часткі ўдзельнікі пераедуць у свой палатачны гарадок ва ўрочышчы в. Завадзь Віравая. Тут адбудзецца конкурс «Вясковы кацялок» і музычнае змаганне. Завершыцца першы дзень забаўляльнай праграмай.

29 чэрвеня ўдзельнікі спартакіяды пачнуць а 6.00 са спаборніцтваў па рыбнай лоўлі на рацэ Проня. Працягнуцца спаборніцтвы на гарадскім стадыёне лёгкаатлетычнай эстафетай і пераадоленнем паласы перашкод. Тут жа пройдуць фінальныя матчы па міні-футболе. У спартшколе вызначацца пераможцы першынства па стрытболе. Праграмай таксама запланаваны мітынг з ускладаннем кветак.

Урачыстая цырымонія закрыцця чакаецца а 14.30. Каманды-пераможцы атрымаюць кубкі і медалі, спартсмены – дыпломы і каштоўныя падарункі.

«Правядзенне абласных спартакіяд работнікаў аграпрамысловага комплексу стала добрай, праверанай часам традыцыяй, – падкрэслілі суразмоўцы. – З году ў год удзельнікі з нецярпеннем чакаюць гэтага маштабнага для сельскагаспадарчай галіны рэгіёну спартыўнай падзеі, дзе можна не толькі прадэманстраваць свае фізічныя якасці – сілу, спрыт і цягавітасць, але і праявіць творчыя здольнасці. Падобныя спаборніцтвы таксама спрыяюць згуртаванню працоўнага калектыву і ўсталяванню сяброўскіх сувязяў паміж работнікамі розных прадпрыемстваў».

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая