Бабруйскі клуб «Дынама–Шыннік» забяспечыў трапленне ў кваліфікацыйны раунд плэй–ін сезона–2025/26 Маладзёжнай хакейнай лігі.

У пятніцу, 13 сакавіка, падапечныя Яўгена Летава на сваім лёдзе ў серыі булітаў абгулялі тульскую «Акадэмію Міхайлава» (3:2). Шайбы ў асноўны час закінулі Алег Хомчанка і Багдан Белкін. За тры матчы да заканчэння рэгулярнага чэмпіянату нашы хлопцы не апусцяцца ніжэй за восьмае месца ў «Залатым» дывізіёне Заходняй канферэнцыі. На дадзены момант «Дынама–Шыннік» ідзе сёмым і захоўвае шанцы падняцца на радок вышэй.

У раўндзе плэй–ін бабруйчане згуляюць з адной з трох лепшых каманд «Срэбнага» дывізіёна, у якім верхнія радкі цяпер займаюць «Тайфун» з Уладзівастока, маскоўскія «Крылы Рад» і піцерская «Акадэмія СКА». Кваліфікацыйная серыя стартуе 25 сакавіка і працягнецца да дзвюх вікторый, пераможца пары выйдзе ў плей–оф Кубка Харламава. У выпадку паразы «Дынама–Шыннік» вылеціць з «Залатога» дывізіёна ў наступным сезоне.

Год таму бабруйскі клуб таксама прабіўся ў раўнд плэй–ін, дзе выбіў чарапавецкі «Алмаз» (2:1 у серыі). У чвэрцьфінале Заходняй канферэнцыі беларусы саступілі будучаму чэмпіёну МХЛ маскоўскаму «Спартаку» (1:3). У цяперашнім рэгулярцы нашай камандзе засталося правесці тры хатнія матчы: з маскоўскім «Дынама» 16 і 17 сакавіка і супраць «Дынама–Карэліі» 21 сакавіка.

БЕЛТА