Бабруйскі клуб «Дынама–Шыннік» выйграў другі матч заключнай хатняй серыі рэгулярнага чэмпіянату Маладзёжнай хакейнай лігі.

У панядзелак, 16 сакавіка, падапечныя Яўгена Летава прымалі маскоўскае «Дынама». Пасля стартавай трэці гаспадары саступалі з лікам 1:3, але ў другім перыядзе скарацілі адставанне да мінімуму, а ў трэцім адрэзку зраўнялі лічбы. Дубль за бабруйчан аформіў Арцём Капусцін, яшчэ адну шайбу дадаў Алег Хомчанка. Зыход сустрэчы вырашыўся ў серыі булітаў, дзе дакладней аказаліся хакеісты «Дынама–Шынніка» – у выніку 4:3.

Раней беларускі клуб забяспечыў сабе трапленне ў кваліфікацыйны раунд плей–ін МХЛ, дзе будуць разыграны пуцёўкі ў плей–оф Кубка Харламава. На дадзены момант наша каманда займае сёмае месца ў табліцы «Залатога» дывізіёна Заходняй канферэнцыі і можа як падняцца, так і апусціцца на адзін радок. Да канца рэгулярнага чэмпіянату бабруйчанам засталося правесці два дамашнія матчы 17 і 20 сакавіка.

БЕЛТА