Бабруйскі клуб «Дынама-Шыннік» удала пачаў чарговае гасцявое турнэ ў рэгулярным чэмпіянаце Маладзёжнай хакейнай лігі.

На старце выязной серыі бабруйчане сустракаліся з «Акадэміяй СКА» у Санкт-Пецярбургу. Па ходзе другога перыяду госці саступалі з лікам 0:2, але зраўнялі лічбы намаганнямі Ільі Лахнава і Багдана Белкіна. У трэцім адрэзку гульні Арцём Капусцін вывеў нашу каманду наперад, аднак за паўтары хвіліны да сірэны гаспадары адыграліся. Тым не менш у авертайме Белкін прынёс «Дынама-Шынніку» перамогу з лікам 4:3.

Падапечныя Яўгена Летава займаюць сёмае месца ў табліцы «Залатога» дывізіёна Заходняй канферэнцыі МХЛ, набраўшы 59 ачкоў у 46 матчах. Другі і заключны паядынак у бягучым выездзе бабруйскі клуб правядзе 13 лютага ў Кандапозе з МХК «Дынама-Карэлія».

БЕЛТА