Набярэжная Дубравенкі ў Магілёве рыхтуецца прымаць кроссменаў з усёй краіны
Дагані, калі зможаш
7 мая Магілёў зноў апынецца ў цэнтры ўвагі бегуноў з усіх рэгіёнаў Беларусі. На набярэжнай Дубравенкі пройдуць лёгкаатлетычны крос на прызы выдавецкага дома «Беларусь сёння», Адкрыты Кубак Беларусі па кросе, рэспубліканскія спаборніцтвы па эстафетным бегу памяці заслужанага трэнера Аляксандра Кіцэнкі і рэспубліканская ўніверсіяда. Бягуны вызначаць лепшых не толькі ў 14 асобна ўзятых забегах, але і ў камандным заліку: яго пераможца атрымае галоўны прыз спаборніцтваў — пераходзячы кубак, які шмат гадоў таму быў заснаваны нашым выдавецкім домам.
Праграма старту фармату «чатыры ў адным» традыцыйна насычаная. У 10:00 запланавана адкрыццё спаборніцтваў, а пасля забегі будуць праходзіць практычна ў рэжыме нон–стоп. Першымі на дыстанцыю адправяцца студэнты ВНУ, за імі – юнакі і дзяўчаты, пасля – юніёры і юніёркі. І нарэшце мужчыны і жанчыны. Завершацца спаборніцтвы эстафетамі 4х1000 метраў.
Галоўная інтрыга кросу сёлета ў тым, ці здолее каманда Магілёўскай вобласці, якая станавілася пераможцам каманднага заліку ў 2024 і 2025 гадах, абараніць чэмпіёнскі тытул і пакінуць на вечнае захоўванне кубак ВД «Беларусь сёння», што магчыма ў выпадку трох перамог запар.
Дырэктар Магілёўскага абласнога цэнтра алімпійскага рэзерву па лёгкай атлетыцы і гульнявых відах спорту Дзмітрый Сівоў кажа: дзейныя ўладальнікі трафея сур'ёзна настроены пазмагацца за яго пастаянную прапіску. Плануецца, што ў складзе магіляўчан у кросавых забегах выступіць нямала вядомых атлетаў. Сярод іх пераможца каманднага Кубка Еўропы па бегу на 10 000 метраў, удзельніца Алімпійскіх гульняў, шматразовая пераможца нашых кросаў Ніна Савіна, прызёр Гульняў БРІКС, чэмпіён Беларусі і ўладальнік нацыянальнага рэкорду ў бегу на 3000 метраў з перашкодамі Дзмітрый Іваненка, прызёр чэмпіянату Еўропы па кросе і таксама шматразовы лідэр спаборніцтваў на прызы ВД «Беларусь сёння» Сяргей Платонаў, які, хоць і перакваліфікаваўся ў трэнеры, не страціў хуткасці і жадання праявіць сябе на дыстанцыі. У эстафетах камандзе Магілёўскай вобласці разлічваюць дапамагчы прызёры Гульняў БРІКС Дзмітрый Савін і Вячаслаў Скудны, прызёры чэмпіянату Еўропы па кросе ў эстафеце Таццяна Шабанава і Ілона Велікановіч. Барацьба на дыстанцыі абяцае быць сур'ёзнай, прычым не толькі сярод дарослых атлетаў.
Переводчик