Дом для грацый

У старажытным будынку на вуліцы Ленінскай у Магілёве, які памятае першыя трэніроўкі знакамітых алімпійскіх спартсменак, зноў гучаць дзіцячыя галасы, мільгаюць булавы і яркія стужкі. Пасля рэканструкцыі, якая доўжылася пяць гадоў, гарадская СДЮШАР «Багіма» імя Алега Мішчанкі расчыніла дзверы для дзяўчынак, закаханых у мастацкую гімнастыку. Каб убачыць, як змяніўся дом магілёўскіх грацый, карэспандэнты «Знаменкі» зазірнулі да іх на трэніроўку.

Абноўленыя інтэр'еры, сучаснае пакрыццё, палепшанае асвятленне - у будынку ў цэнтры Магілёва створаны камфортныя ўмовы для тых, хто штодня адточвае тут сваё майстэрства. Аддзяленне мастацкай гімнастыкі СДЮШАР «Багіма» наведваюць 114 дзяўчынак. Самым маленькім - крыху больш за пяць гадоў, старэйшым - 16-17. Займаюцца з імі восем трэнераў.


Дзевяцігадовая Васіліса Паўлава грацыёзна балансуе мячом. Гімнастыкай яна займаецца чатыры гады, у залу прыходзіць пяць разоў на тыдзень. Трэніруецца старанна - у будучыні марыць стаць прафесійнай спартсменкай. Дарэчы, тут, на Ленінскай, у свой час практыкаваўся яе бацька, які абраў спартыўную гімнастыку.

Дом, узведзены ў XVIII стагоддзі для першага арцыбіскупа Магілёўскага Станіслава Богуша-Сестранцэвіча, пад гімнастаў адаптавалі ў савецкі час: у 1973 годзе ў горадзе адкрылася спецыялізаваная дзіцяча-юнацкая школа алімпійскага рэзерву па спартыўнай і мастацкай гімнастыцы, на базе якой пасля з'явіліся аддзяленні акрабатыкі і скачкоў на батуце.

Першапачаткова ў будынку размяшчалася аддзяленне спартовай гімнастыкі. З 2010 года, калі ў Магілёве збудавалі Палац гімнастыкі, яно перабралася туды. А на Ленінскую – «мастачкі», якія займаліся да гэтага ў арандаваным памяшканні. У 2020-м пераязджаць прыйшлося ўжо і ім: дом з гісторыяй меў патрэбу ў грунтоўным рамонце.

Намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці СДЮШАР «Багіма» Марына Шаўбакова вядзе нас на экскурсію:

- Пасля капрамонту, які абышоўся больш чым у чатыры мільёны рублёў, ад будынка, прызнанага помнікам архітэктуры, засталася скрынка. Усё астатняе новае: дах, вокны, начынне. Калі раней у нас была адна спартзала, цяпер іх чатыры: вялікая зала плошчай каля 400 квадратных метраў, тры малыя па 113, 41 і 19 «квадратаў». Ёсць медыцынскі кабінет, з'явіліся душавыя. Палац гімнастыкі на ўскрайку Магілёва вялікі, прасторны, прыгожы. Але там мы дзялілі адну залу з рабятамі, якія практыкуюцца на снарадах, батуце. Няёмка, шумна. А тут адчуваем сябе як дома.


Малады спецыяліст СДЮШАР «Багіма» Анастасія Калеснікава таксама рада, што вярнулася на Ленінскую:

- Я тут дзяўчынкай займалася, зараз працую трэнерам па мастацкай гімнастыцы. Вялікая зала падзелена напалам кіруемай шторай, дзякуючы чаму заняткі ў ім адначасова могуць весці два спецыялісты. Ніхто нікому не замінае, усім камфортна. Ізноў жа, у цэнтр горада дзецям дабірацца прасцей.

Будынак на Ленінскай - сапраўдная кузня талентаў, запэўнівае Марына Шаўбакова:

- У ім пачынала сваю кар'еру алімпійская чэмпіёнка па спартыўнай гімнастыцы Святлана Баітава, удзельніца Алімпійскіх гульняў па скачках на батуце, шматразовы пераможца і прызёр чэмпіянатаў свету і Еўропы, чэмпіёнка свету ў індывідуальных скачках Таццяна Пятрэня, сярэбраны прызёр Віялета Бардзілоўская і іншыя. Гэты дом - сімбіёз багатай гісторыі, архітэктурнай спадчыны і сучасных стандартаў спартыўнай падрыхтоўкі.


Марына Віктараўна таксама дзяўчынкай тут пачынала - з 1981 года займалася спартыўнай гімнастыкай. У гэтым будынку выраслі ў прамым і прафесійным сэнсе яе дзеці. Сын Ян стаў бронзавым прызёрам першынства Еўропы па скачках на акрабатычнай дарожцы, зараз працуе трэнерам. Дачка Арына - кандыдат у майстры спорту па скачках на батуце.

У вялікай зале дзевяцігадовая Аліна Краснікава філігранна круціць абруч. Трэніруецца яна пяць гадоў. На заняткі прыязджае раніцай, да ўрокаў у школе. Яе старэйшая адзінаццацігадовая сястра Алісія, па прыкладзе якой яна выбрала гэты від спорту, - па вечарах. Аліна расказвае:

- Мастацкая гімнастыка - гэта вельмі прыгожа: гнуткасць, пачуццё рытму, каардынацыя, яркія касцюмы. А яшчэ трэба быць моцнай і сабранай. Кожная з нас марыць аб вялікім спорце. Я ўжо спрабавала сябе ў рэспубліканскіх спаборніцтвах «Юная гімнастка», у сваёй узроставай групе стала восьмай. Вядома, радая, але жадаецца большага, таму старанна займаюся.


Дарэчы, гэтай вясной адзін з этапаў рэспубліканскіх спаборніцтваў «Юная гімнастка» пройдзе ў Магілёве, у абноўленай зале на вуліцы Ленінскай.

СБ