Ураджэнка Магілёўшчыны Вікторыя Радзькова выйграла залаты медаль чэмпіянату Еўропы па барацьбе сярод спартсменаў не старэйшых за 23 гады ў сербскім Зрэняніне.

Радзькова атрымала перамогу ў вагавой катэгорыі да 72 кг. У кваліфікацыі беларуска адолела немку Лауру Колер, у другім крузе прайшла расіянку Крысціну Братчыкаву, а ў паўфінале справілася з Грэтай Цвярскіце з Літвы. У фінале Вікторыя не пакінула шанцаў Вераніцы Вільк з Харватыі – 11:0. Раней Радзькова па два разы брала бронзу маладзёжных чэмпіянатаў Еўропы і свету, у актыве Вікторыі ёсць і золата юніёрскага (U20) першынства кантынента.

Таксама 13 сакавіка чэмпіёнкамі Старога Свету сярод моладзі сталі беларускі Арына Дземчанка (да 57 кг) і Ксенія Цярэня (да 65 кг), напярэдадні поспех святкавала Аліна Шаўчук (да 68 кг). Пасля пяці дзён спаборніцтваў у Сербіі ў актыве нашай каманды сем медалёў (5–1–1). У суботу за бронзу ў вазе да 77 кг у барацьбітоў грэка–рымскага стылю пазмагаецца Кірыл Валеўскі.Усяго ўдзел у турніры бяруць больш за 400 атлетаў з 37 краін.

БЕЛТА