RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Студэнты ў Магілёве высадзілі яблыневы сад у гонар Дня народнага адзінства

Студэнты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта харчовых і хімічных тэхналогій сёння высадзілі яблыневы сад у гонар Дня народнага адзінства.

У сімвалічнай акцыі прыняло ўдзел каля 25 чалавек з розных факультэтаў і курсаў. Да іх далучыўся і рэктар ВНУ Максім Кіркор. «Яблыні былі абраны нездарма. Яны лёгка прыжываюцца ў нашым клімаце, для іх не патрабуецца спецыялізаванага догляду. Для нашай краіны гэта традыцыйнае дрэва. Яблыні, як і васількі, – сімвал Беларусі», – адзначыў рэктар.

Ідэя стварыць ва ўніверсітэце свой сад належала студэнтам. «У нас нават саджанцы з гісторыяй. Яны прыехалі ў Магілёў з Віцебска, – расказала студэнтка 3 курса хіміка-тэхналагічнага факультэта Таццяна Жыліна. – Я сама з Віцебска, а цяпер вучуся ў Магілёве. І ў гонар новага свята мой дзядуля Андрэй Пячонкін падарыў універсітэту 16 саджанцаў яблынь розных гатункаў. Ён займаецца развядзеннем гэтых дрэў».

Таццяна Жыліна адзначыла, што яблыні –гэта сімвал хатняй утульнасці. «Таму сімвалічна, што мы закладваем сад менавіта ў Дзень народнага адзінства. Тут сабралася моладзь з розных факультэтаў, курсаў. Мы ўсе з розных гарадоў і нават краін. І такая акцыя яшчэ раз падкрэслівае наша адзінства, – растлумачыла студэнтка. – Яшчэ адзін цікавы факт: у кітайскай мове іерогліф «яблык»перакладаецца і як «свет»адначасова».

Адным з удзельнікаў акцыі стаў трэцякурснік Іван Радкоўскі. Малады чалавек расказаў, што ён таксама з Віцебска, і ў яго сям’і ёсць свой вялікі яблыневы сад. «Яго заклалі яшчэ мае прабабуля і прадзядуля ў пасляваенныя гады. Зараз у нас два сады– у адным 24 дрэвы, на другім участку – 48. Стараемся іх абнаўляць, даглядаць, – адзначыў Іван Радкоўскі. – Мне падабаецца гэтая акцыя ў першую чаргу тым, што гэта своеасаблівы ўклад у будучыню, бо я планую ў далейшым застацца ў Магілёве, выкладаць у нашым універсітэце. Я змагу назіраць за тым, як растуць дрэвы, а праз шмат гадоў, можа быць, буду расказваць ужо сваім студэнтам, што гэтыя дрэвы я дапамагаў садзіць».

«Сёння мы высадзілі яблыні з Віцебска, але я спадзяюся, што з кожным годам наш сад будзе прырастаць дрэвамі і з іншых рэгіёнаў», – падзяліўся планамі на будучыню Максім Кіркор.

БЕЛТА

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая