RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Стварэнне адукацыйнага цэнтра ў Магілёўскай абласной бальніцы стала магчымым дзякуючы навуковаму патэнцыялу спецыялістаў

Філіял кафедры медуніверсітэта на базе клінікі, а ў ролі выкладчыкаў – урачы-практыкі. Стварэнне такога адукацыйнага цэнтра ў Магілёўскай абласной бальніцы стала магчымым дзякуючы навуковаму патэнцыялу спецыялістаў.

На рахунку хірургаў Магілёўскай абласной клінічнай бальніцы ўжо 80 перасадак ныркі. І столькі ж ўдзячных пацыентаў, якія раней былі залежныя ад гемадыялізу, а цяпер атрымалі магчымасць жыць звычайным жыццём. Першая падобная аперацыя ў Магілёўскай клініцы была выканана ў 2018-м. І каб гэта стала магчымым, неабходная была каманда прафесіяналаў: хірургаў, анестэзіёлагаў, нефролагаў.

Урач анестэзіёлаг-рэаніматолаг, загадчык аддзялення па каардынацыі забора органаў і тканак для трансплантацыі, кандыдат медыцынскіх навук Артур Ліпніцкі займаецца і медычнай практыкай, і навуковай працай. А зараз ён яшчэ дзеліцца сваімі інавацыямі і вопытам з калегамі. Справа ў тым, што на базе Магілёўскай абласной бальніцы з мінулага года запрацаваў філіял кафедры анестэзіялогіі і рэаніматалогіі Віцебскага дзяржаўнага медуніверсітэта. Абласная клініка, як лічыць Артур Ліпніцкі, павінна быць навуковым цэнтрам для ўсіх астатніх бальніц рэгіёна:

– Праходзячы навучанне на кафедры, нашы калегі з раённых бальніц прысутнічаюць на аперацыях, бачаць, якія паталогіі сёння здольныя лячыць у абласной бальніцы, а значыць, змогуць своечасова зарыентаваць сваіх пацыентаў. Мы пастаянна ўдасканальваемся: у планах асвоіць трансплантацыю печані і сэрца.

Узровень хірургаў раённых бальніц Магілёўшчыны расце. У Касцюковічах траўматолагі выконваюць перасадку тазасцегнавога сустава. У Крычаве і Быхаве асвоілі малаінвазіўныя лапараскапічныя аперацыі.

Узначаліў філіял кафедры ўрач анестэзіёлаг-рэаніматолаг кандыдат медыцынскіх навук Сяргей Тачыла:

– Сярод выкладчыкаў прафесар і пяць кандыдатаў медыцынскіх навук – усе яны ўрачы нашай бальніцы. Іх навуковыя артыкулы публікуюць у медыцынскіх часопісах у Еўропе, Амерыцы, Паўднёвай Карэі. Нашымі кардыяхірургамі асвоены ўвесь спектр аперацый на сэрцы, для траўматолагаў некалі інавацыйныя аперацыі па татальным пратэзаванні суставаў ўжо сталі паўсядзённымі, на высокім узроўні ў клініцы мікрахірургія вока, уралогія. За год на курсах павышэння кваліфікацыі ў нас праходзіць навучанне каля 80 урачоў з усёй вобласці: хірургі, рэаніматолагі, урачы агульнай практыкі. І гэта не проста лекцыі, а майстар-класы, засваенне новых тэхналогій і апаратаў.

– Нашы кардыяхірургі за апошнія гады зрабілі прарыў, – з гонарам расказвае галоўны ўрач Магілёўскай абласной клінічнай бальніцы Анатоль Кулік. – Аперацыі на адкрытым сэрцы, эндаваскулярная хірургія, калі патрабуецца ўсяго пару надрэзаў на целе пацыента, стэнціраванне каранарных артэрый, пратэзаванне і пластыка клапанаў сэрца – пералічваць можна доўга. Высокатэхналагічная кардыялогія –гэта і найноўшыя тэхналогіі, і наяўнасць сучаснага абсталявання, і, самае галоўнае, высокакваліфікаваны персанал, здольны на ім працаваць.

Зараз у бальніцы будуецца новы кардыяхірургічны корпус. Яго плануюць здаць ужо ў кастрычніку наступнага года. Праект доўгачаканы: сёння ліст чакання на кардыяхірургічныя аперацыі –18 месяцаў. У новым корпусе будуць і прасторныя аперацыйныя, і дыягнастычнае абсталяванне –планка для ўрачоў Магілёўскага цэнтра сардэчна-сасудзістай хірургіі стане яшчэ вышэйшай. Загадчык аддзялення анестэзіялогіі і рэаніматалогіі гэтага цэнтра Уладзімір Дудко зараз не толькі ўрач, але і адзін з выкладчыкаў кафедры медуніверсітэта. І пры гэтым сам працягвае вучыцца. Бесперапынная адукацыя, лічыць ён, – патрабаванне прафесіі:

– Зараз я заканчваю навучанне ў аспірантуры, у найбліжэйшы час буду абараняць дысертацыю. Практыкуючы ўрач павінен быць навукоўцам: умець аналізаваць вынікі сваёй працы і перадаваць свой вопыт. Новы статус «клінічная» для нашай бальніцы –прызнанне навуковых дасягненняў нашых урачоў, імідж у вачах медыцынскай супольнасці і пацыентаў. А гэта абавязвае.

 СБ 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая