RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Стварэнне сумесных вытворчасцей можа стаць асновай умацавання супрацоўніцтва паміж Магілёўскай і Сагдыйскай абласцямі

Стварэнне сумесных вытворчасцей можа стаць перспектыўнай асновай для ўмацавання супрацоўніцтва паміж Магілёўскай і Сагдыйскай абласцямі. Пра гэта ішла размова на сустрэчы старшыні Магілёўскага аблвыканкама Леаніда Зайца з дэлегацыяй Сагдыйскай вобласці Рэспублікі Таджыкістан, якую ўзначаліў старшыня рэгіёна Раджабой Ахмадзада.

Леанід Заяц падкрэсліў, што рост тавараабароту паміж абласцямі мае станоўчую дынаміку. Але партнёрамі не ў поўнай меры задзейнічаны патэнцыял узаемавыгаднага супрацоўніцтва. Таму асноўная задача візіту – выбудаваць канкрэтнае ўзаемадзеянне паміж нашымі прадпрыемствамі. І для гэтага ёсць добрая пляцоўка: ужо заўтра ў Магілёве адбудзецца ХІІ Міжнародны інвестыцыйны форум «Млын поспеху». Тут збяруцца прадстаўнікі бізнесу розных краін, будзе прэзентаваны патэнцыял Магілёўскай вобласці, у розных фарматах пройдуць перагаворы.

Сагдыйская вобласць у Таджыкістане лідзіруе па ўсіх паказчыках: ад эканомікі да культуры. Тут на працягу апошніх гадоў мацнее і развіваецца паспяховая свабодная эканамічная зона «Сугд». Да таго ж, Магілёў і таджыкскі Худжанд (адміністрацыйны цэнтр Сагдыйскай вобласці) – гарады-пабрацімы яшчэ з савецкіх часоў. А ў канцы 2017 года было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Магілёўскім абласным выканаўчым камітэтам і выканаўчым органам дзяржаўнай улады Сагдыйскай вобласці. Таму імкненне паглыбляць партнёрства і напаўняць дасягнутыя дамоўленасці канкрэтнымі справамі апраўдана. 

 

Абмяркоўваючы супрацоўніцтва, кіраўнікі абласцей звярнулі ўвагу на неабходнасць пераходу ад гандлю і абмену таварамі да кааперацыі паміж прадпрыемствамі і стварэння сумесных вытворчасцей. «Мы павінны выбудоўваць узаемаадносіны так, каб дапаўняць адзін аднаго, – падкрэсліў Леанід Заяц. – Упэўнены, знойдзем сумесныя праекты, якія б пашыралі магчымасці абодвух бакоў».

Так, перспектыўным можа стаць намер аб стварэнне сумеснага прадпрыемства па зборцы ліфтаў на тэрыторыі Сагдыйскай вобласці. Старшыня Магілёўскага аблвыканкама адзначыў, што ў Гісарскім раёне ўжо працуе таджыкска-беларуская зборачная вытворчасць трактароў МТЗ і іншай сельскагаспадарчай тэхнікі, адаптаванай пад патрэбы аграрнай галіны Таджыкістана. Вопыт ёсць, як і запатрабаванасць. 50% ліфтаў Сагдыйскай вобласці маюць патрэбу ў замене. Акрамя таго, ёсць сумежныя з Таджыкістанам рынкі брацкіх краін, дзе прадукцыя новага прадпрыемства будзе карыстацца попытам.

Па словах Леаніда Зайца, наш рэгіён таксама зацікаўлены ў пастаўках сыравіны для ААТ «Магатэкс». У Сагдыйскай вобласці штогод павялічваюць плошчы пад вырошчванне бавоўны. Пры гэтым 15% сыравіны выкарыстоўваецца для патрэб унутранага рынку, астатнія 85% – гэта экспарт.

Ёсць перспектыва стварыць сумеснае прадпрыемства па перапрацоўцы «белага золата». «Гэта дазволіць адкрыць некалькі тысяч новых працоўных месцаў, а беларускі рынак забяспечыць якаснай і экалагічнай прадукцыяй з бавоўны», – адзначыў Раджабой Ахмадзада.

Сагдыйская вобласць вырошчвае больш за 10 відаў рознай садавіны, гародніны і ягад. Штогадовы ўраджай дасягае амаль 1 млн т. Усё гэта можна напрамую пастаўляць на Магілёўшчыну для кансервацыі або стварыць сумесную вытворчасць у Таджыкістане – для гэтага ў краіне ёсць інфраструктура, спецыялісты.

Падчас сустрэчы старшыня Сагдыйскай вобласці выказаў зацікаўленасць таджыкскага боку ў набыцці ў беларускіх партнёраў насеннага матэрыялу бульбы, цукру, лесу. Вялікія перспектывы ёсць і ў сферы перапрацоўкі мармуру, граніту, а таксама скуры для абутку. «У Беларусі вырабляюць якасныя кандытарскія вырабы, – падкрэсліў Раджабой Ахмадзада. – У гэтай частцы ў нас таксама маецца выдатная сыравіна – арэхі і садавіна высокай якасці».

Прадстаўнікі бізнес-колаў прыехалі ў Магілёў з канкрэтнымі ідэямі і бізнес-планамі, аб чым расказаў старшыня Сагдыйскай вобласці. «Заўтра яны абмяняюцца думкамі з прадпрымальнікамі Магілёўшчыны, абмяркуюць усе прапановы. Я ўпэўнены, рэалізацыя гэтых праектаў дасць станоўчы імпульс у развіцці супрацоўніцтва нашых народаў», – канстатаваў ён.

Праграмай двухдзённага візіту дэлегацыі Сагдыйскай вобласці запланавана знаёмства з працай ААТ «Магілёўліфтамш», ААТ «Магатэкс», завода «Магілёўтрансмаш», перагаворы і ўдзел у XII Міжнародным інвестыцыйным форуме «Млын поспеху».

Вольга Емельянава, фота Галины Гаврилович

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая