RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Свята «Народная прыпеўка» пройдзе 12 чэрвеня ў Слаўгарадскім раёне

Рэгіянальнае свята «Народная прыпеўка» пройдзе 12 чэрвеня ў в. Кліны Слаўгарадскага раёна (помнік прыроды рэспубліканскага значэння «Блакітная крыніца»). У гэтым годзе ў ім прымуць удзел прадстаўнікі Магілёўскай і Віцебскай абласцей.

У фармаце мерапрыемства адбудуцца конкурсныя выступленні індывідуальных выканаўцаў, вакальных груп і ансамбляў, калектываў мастацкай самадзейнасці. Па іх выніках вызначаць найлепшых гарманістаў, выканаўцаў прыпевак, твораў гумарыстычнага жанру, вакальныя і інструментальныя ансамблі.  

Для гасцей свята арганізуюць выставу-продаж прадукцыі майстроў-сыравараў, сувеніраў, вырабленых народнымі майстрамі і ўмельцамі з рэгіёнаў Магілёўскай вобласці і іншых абласцей Беларусі, мёду, харчовых і прамысловых тавараў. Тут будуць працаваць дзіцячыя атракцыёны, пракат турыстычнага абсталявання, адбудзецца прэзентацыя турыстычнага патэнцыялу Слаўгарадскага раёна. Таксама праграмай прадугледжана размяшчэнне тэматычных пляцовак «Вусная народная творчасць у беларускім фальклоры», правядзенне «круглых сталоў» па тэматыцы рэалізаваных у рэгіёне праектаў.

«Наша свята праводзіцца ў мэтах развіцця і папулярызацыі жанру народнай прыпеўкі, традыцыйнай ігры на гармоніку, пошуку таленавітых індывідуальных выканаўцаў і калектываў, – адзначылі суразмоўцы. – У ліку асноўных задач таксама павышэнне мастацкага ўзроўню калектываў і выканаўцаў, захаванне ў рэпертуары выканаўцаў найлепшых узораў фальклорнай спадчыны і мясцовага аўтэнтычнага матэрыялу, фарміраванне ў маладога пакалення пачуцця павагі да народнай культуры як асновы нацыянальнай самасвядомасці».

Рэгіянальнае свята «Народная прыпеўка» праводзіцца ў Слаўгарадзе адзін раз на два гады. Яго арганізатарамі выступаюць Слаўгарадскі раённы выканаўчы камітэт, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, дзяржаўная ўстанова культуры «Цэнтралізаваная клубная сістэма Слаўгарадскага раёна».

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая