RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Святлодыёдныя аркі, тыгры і пары прахожых: як упрыгожаць Магілёў да навагодніх святаў

Светлавыя інсталяцыі, тэматычныя фотазоны – на нарадзе ў гарвыканкаме абмеркавалі ўпрыгожванне горада да навагодніх і калядных святаў.

Сёлета ў Магілёве плануюць устанавіць аб’ёмныя фігуры тыграў, тэматычныя фотазоны і многае іншае. Як адзначыў падчас нарады старшыня Магілёўскага гарвыканкама Уладзімір Цумараў, зараз неабходна прывесці ў парадак усе канструкцыі, якія ўжо ёсць у распараджэнні горада. «У навагоднія і калядныя святы горад павінен ззяць, ствараючы магілёўцам і гасцям святочны настрой», – падкрэсліў ён.

Так, падчас нарады абмяркоўвалі канцэпцыю ўпрыгожвання цэнтральнай плошчы горада – плошчы Леніна. Сёлета тут прапануюць зрабіць светлавы шацёр вакол ёлкі. Акрамя гэтага, абмеркавалі і канцэпцыю ўпрыгожвання цэнтральнай часткі абласнога цэнтра: некалькі варыянтаў прапанавалі для Камсамольскага сквера. Гэта могуць быць святлодыёдныя аркі або тэматычныя канструкцыі, якія ў вячэрні час будуць падсвечвацца. З новаўвядзенняў – на плошчы Адзінства і на пляцоўцы каля Палаца культуры вобласці плануюць устанавіць святлодыёдныя сімвалы надыходзячага года – тыграў.

Таксама быў прадэманстраваны варыянт упрыгожвання плошчы Адзінства. Як адзначыў Уладзімір Цумараў, усе асноўныя пляцоўкі, дзе будуць праходзіць гулянні, павінны выглядаць святочна і арыгінальна. Абмяркоўваліся варыянты светлавога ўпрыгожвання пешаходнай вуліцы ў Магілёве. Уладзімір Цумараў прапанаваў размясціць тут дрэвы з падсветкай. Гэта прапанова будзе ў найбліжэйшы час прапрацоўвацца.

Гаварылася і аб неабходнасці навагодняга ўпрыгожвання фасадаў будынкаў, дзе размясціліся арганізацыі, установы і прадпрыемствы горада. Некалькі варыянтаў было прапанавана для пляцоўкі каля Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра: гуляюць святлодыёдныя пары ці вялікая карнавальная маска. Пільную ўвагу нададуць і ўпрыгожванню навагодніх ёлак – пры неабходнасці цацкі будуць абнаўляцца.

Паводле планаў кіраўніцтва горада, святочную ілюмінацыю ў Магілёве ўключаць не пазней за 15 снежня.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая