RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Сёння адзначаецца Міжнародны дзень памяці ахвяр генацыду

Сёння адзначаецца Міжнародны дзень памяці ахвяр генацыду, ушанавання іх годнасці і папярэджання гэтага злачынства.

Гэты дзень быў абвешчаны Генеральнай Асамблеяй ААН у верасні 2015 года. Дата была абраная не выпадкова: у 1948 годзе 9 снежня была прынятая Канвенцыя аб папярэджанні злачынства генацыду і пакаранні за яго.

Рэзалюцыя 1948 года стала першым дагаворам па правах чалавека, прынятым Генеральнай Асамблеяй. Усе 193 дзяржавы-члены, якія прынялі гэтую канвенцыю аднагалосна, пацвердзілі, што кожная краіна асобна адказвае за абарону свайго насельніцтва ад генацыду, таксама папярэджвае такое злачынства, у тым ліку і падбухторванне да яго. Мэта гэтага дня – павышаць вядомасць канвенцыі і шанаваць памяць людзей, якія сталі ахвярай генацыду.

Генацыд у канвенцыі вызначаецца як «дзеянні з намерам знішчыць, цалкам або часткова, якую-небудзь нацыянальную, этнічную, расавую ці рэлігійную групу». У рэзалюцыі пацвярджаецца, што генацыд, незалежна ад таго, здзяйсняецца ці ён у мірны ці ваенны час, з’яўляецца злачынствам, якое парушае нормы міжнароднага права і супраць якога удзельнікі канвенцыі абавязваюцца «прымаць меры папярэджання і караць за яго ўчыненне». Галоўная адказнасць за папярэджанне і спыненне генацыду ускладаецца на дзяржаву, у якой гэта злачынства здзяйсняецца.

На сусветным саміце 2005 года кіраўнікі дзяржаў абмеркавалі і аднагалосна прынялі рашэнне, што міжнародная супольнасць будзе аказваць дапамогу краіне, якая па якой-небудзь прычыне не ў стане абараніць сваё насельніцтва ад генацыду, ваенных злачынстваў, этнічных чыстак і злачынстваў супраць чалавечнасці. Таксама яна гатова распачаць калектыўныя дзеянні праз Савет Бяспекі і ў адпаведнасці са Статутам Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

У Рэспубліцы Беларусь у Год гістарычнай памяці быў зацверджаны закон «Аб генацыдзе беларускага народа». Закон прыняты ў мэтах захавання памяці аб мільёнах савецкіх грамадзян, якія сталі ахвярамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд, у адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, а таксама на аснове Канвенцыі аб папярэджанні злачынства генацыду і пакаранні за яго ад 9 снежня 1948 года, Канвенцыі аб неўжывальнасці тэрміну даўнасці да ваенных злачынстваў і злачынстваў супраць чалавецтва ад 26 лістапада 1968 года.

Падчас Другой сусветнай вайны загінуў кожны трэці жыхар Беларусі – амаль 3 млн. чалавек. Асобнай трагічнай старонкай той варварскай вайны стала фактычнае татальнае знішчэнне беларускіх яўрэяў. Паводле ацэнак экспертаў і гісторыкаў, на тэрыторыі Беларусі, у тым ліку ў Мінскім гета і канцэнтрацыйным лагеры Трасцянец, загінулі каля 800 тыс. яўрэяў. Беларусь у гады вайны на сваёй тэрыторыі перажыла фактычна два генацыды: халакост беларускіх яўрэяў і генацыд беларусаў як складніка ўсходніх славян.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая