RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Сырны фестываль дзясятым разам збярэ ў Слаўгарадскім раёне аматараў гэтага ласунку

Юбілейны – дзясяты – кулінарны фестываль «Гаспадарчы сыр» пройдзе ў Слаўгарадскім раёне 13 чэрвеня.

Каля Блакітнай крыніцы раскінуцца шматлікія гандлёвыя рады. Шырокі асартымент прадукцыі прапануюць выставы-продажы мёду і прадукцыі пчалярства, харчовых і прамысловых тавараў, сувенірнай прадукцыі, вырабленай народнымі майстрамі і ўмельцамі з рэгіёнаў Магілёўскай вобласці і іншых абласцей Беларусі.

Запланавана праца тэматычных пляцовак «Роднае – народнае!» і «Сімвалы маёй краіны». Пацешаць выступленнямі індывідуальныя выканаўцы і калектывы мастацкай самадзейнасці. Таксама будуць працаваць дзіцячыя атракцыёны, пракат турыстычнага абсталявання.

Але цэнтральнай падзеяй гастранамічнага форума па традыцыі стане кірмаш-продаж хатніх сыроў. Для дэгустацыі і продажу майстры прадставяць дзясяткі відаў хатняга сыру на любы густ: цвёрдыя і мяккія, плаўленыя і тварожныя, сулугуні і брынза, салодкія і салёныя, з рознымі прыправамі і напаўняльнікамі.

ДАВЕДАЧНА

Гастрафэст праводзіцца ў межах праекта «МОСТ як пілотная эка-бізнес-мадэль для мясцовага і рэгіянальнага эканамічнага росту», што фінансуецца Еўрапейскім Саюзам і рэалізуецца Слаўгарадскім раённым выканаўчым камітэтам і Міжнародным фондам развіцця сельскіх тэрыторый.

«Гаспадарчы сыр» унікальны тым, што яго з’яўленню папярэднічала карпатлівая праца па адраджэнні хатняга сыраварэння. Галоўнай ідэяй першых фестываляў было даць другое жыццё старадаўнім Слаўгарадскім традыцыям сыраварэння, дапамагчы мясцовым сыраробам знайсці рынкі збыту сваёй прадукцыі і проста абмяняцца вопытам. Зараз акцэнт зрушаны на прасоўванне і папулярызацыю мясцовага сыраварчага брэнда.

СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая