RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Тэматычны квэст і сапраўднае вяселле: у Магілёве пройдзе конкурс студэнцкіх сем’яў

Тэматычны квэст, планаванне сямейнага бюджэту і сапраўднае вяселле: у Магілёве пройдзе IV Рэспубліканскі конкурс студэнцкіх сем’яў «Шчаслівыя разам». Пра гэта расказала прарэктар па выхаваўчай рабоце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта харчовых і хімічных тэхналогій Вольга Мацыкава.

Конкурс будзе праходзіць на працягу трох дзён: з 12 па 14 мая. За званне найлепшай студэнцкай сям’і будзе змагацца 8 каманд з усёй Беларусі: Гродзенскага ўніверсітэта імя Я. Купалы, Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі, Інстытута пагранічнай службы, беларускага ўніверсітэта транспарту, Віцебскага дзяржуніверсітэта імя П. М. Машэрава, Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, Гродзенскага медуніверсітэта, Беларускай акадэміі музыкі.

Па словах Вольгі Мацыкавай, маладых людзей чакаюць як традыцыйныя конкурсы, так і новаўвядзенні. «Адной з навінак стане конкурс «Дрэва пакаленняў», які прадугледжвае выраб генеалагічнага дрэва сям’і. Конкурс прымеркаваны да Года гістарычнай памяці, – расказала яна. – Адкрые конкурсную праграму квэст-гульня ў гарадскім парку Падміколле. Падчас квэста маладыя сем’і будуць праходзіць зададзены маршрут па карце, рабіць прыпынкі на інтэрактыўных пляцоўках і ўдзельнічаць у розных конкурсах. Гэтыя выпрабаванні дазволяць вызначыць самую згуртаваную і знаходлівую маладую сям’ю».

У гэты ж дзень пройдзе конкурс «Умелыя рукі», дзе адзін (муж ці жонка) зробіць ключніцу. Пасля творчага выпрабавання яны дапоўняць экспанаты музея рэспубліканскага конкурсу.

Другі дзень конкурсу будзе яркім і насычаным. Адкрые спаборніцкі дзень конкурс па планаванні сямейнага бюджэту: маладыя адправяцца ў краму з фіксаванай сумай і за 30 хвілін ім неабходна купіць прадукты, з якіх яны будуць рыхтаваць вячэру на дзве персоны. Пасля шопінгу хлопцы ўжо з жонкамі пачнуць гатаванне: дапамагаць у гэтым ім будуць галоўныя эксперты WorldSkills Belarus па кампетэнцыях «Кулінарнае мастацтва» і «Рэстаранны сэрвіс». Журы будзе ацэньваць не толькі гатовыя стравы, але і сервіроўку стала для сямейнай вячэры. Пасля гэтага маладыя сем’і адправяцца на экскурсію па Магілёве.

Фінальны дзень пачнецца незвычайна. Студэнцкія сем’і прымуць удзел у сапраўдным вяселлі: 14 мая студэнты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта харчовых і хімічных тэхналогій Валерыя Бегунова і Данііл Жэшка стануць новай ячэйкай грамадства. Пасля ўрачыстай рэгістрацыі шлюбу канкурсантаў чакаюць фінальныя выпрабаванні, дзе маладыя прадставяць свае сем’і, прадэманструюць творчыя выступленні.

Ацэньваць выступленні маладых сем’яў, якія прыехалі практычна з усіх рэгіёнаў Беларусі, будуць студэнцкія сем’і БДУТ.

«Кожны год мы стараемся зрабіць конкурс маладых сем’яў яшчэ больш яркім і цікавым. Сёлета сустаршынёй журы будзе калісьці таксама студэнцкая сям’я Уладзіміра і Вольгі Малышавых. Яны пажаніліся ў 1972 годзе, калі вучыліся на 4 курсе, а ў канцы мая адзначаць залатое вяселле. Мы хочам, каб маладыя пагутарылі з імі, даведаліся сакрэты шчаслівага сямейнага жыцця. Гэта забяспечыць пераемнасць пакаленняў, захаванне традыцыйных сямейных каштоўнасцяў», – адзначыла Вольга Мацыкава.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая