RU BY EN 中文
Twitter Instagram

«Трэба мабілізаваць усё тое, што ёсць» – Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам губернатара Магілёўскай вобласці

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам старшыню Магілёўскага аблвыканкама Леаніда Зайца.

«Як мы і дамаўляліся пры прызначэнні Вас на пасаду, галоўная задача перад губернатарам Магілёўшчыны – вывесці вобласць на пэўны ўзровень. Як я тады сказаў, у хвасце плесціся Магілёўская вобласць не павінна», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Па словах Прэзідэнта, вынікі работы вобласці хоць і нельга назваць уражальнымі, але яны досыць высокія.

«Вы па сваім ВРП спрацавалі прыкладна на 101% (па выніках 2020 года да ўзроўню 2019-га. – заўв. БелТА). Нядрэнны паказчык, у гэтым дачыненні трэба аддаць належнае. Але ўсе астатнія паказчыкі ў нас жадаюць быць лепшымі. Таму бачыць толькі станоўчае і не звяртаць увагі на тое, дзе трэба напружыцца, будзе няправільна: мы проста спынімся ў развіцці. Будзем лічыць, што мінулы год (гэта прызнана ва ўсім свеце) не з’яўляецца крытэрыем, эталонам для таго, каб рабіць нейкія высновы. Будзем глядзець у будучыню. Але тое, што Вам удалося разварушыць магілёўцаў, гэта бясспрэчны факт», – заявіў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што па многіх напрамках работы Магілёўскай вобласці рашэнні прымаліся на самым высокім узроўні. Былі распрацаваны праекты па развіцці вытворчасцей, прадастаўлены прэферэнцыі паўднёва-ўсходнім рэгіёнам вобласці, аказвалася падтрымка сацыяльнай сферы. «Наверсе рашэнні прынятыя, але трэба сканцэнтравацца на іх рэалізацыі», – падкрэсліў Прэзідэнт.

Ён пацікавіўся ў Леаніда Зайца, што яшчэ неабходна зрабіць, каб Магілёўская вобласць дадала ў сваім развіцці. Пры гэтым, па словах кіраўніка дзяржавы, трэба ўлічваць, што гэты год асаблівы. «Пэўнасцей ніякіх няма: мы не ведаем, як будзе развівацца сусветная эканоміка (вельмі вялікае падзенне), як будзе развівацца пандэмія, якая ўплывае не толькі на розумы людзей, але і на эканоміку, як у свеце пойдуць глабальныя працэсы, – вы бачыце, якая турбулентнасць нават у апоры дэмакратыі. Таму шмат няпэўнасцей, і гэта ўсё трэба ўлічваць. І абмежаванасць сродкаў, і пэўны ціск з усіх бакоў: знутры, звонку. Мы, вядома, на калені не кінемся (гэта адназначна), але ў развіцці мы гэта павінны ўлічваць. Трэба мабілізаваць усё тое, што ёсць, а потым брацца за нешта новае. Будзем зыходзіць з гэтага», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Леанід Заяц расказаў, што на кантролі ў Магілёўскім аблвыканкаме знаходзіцца 188 даручэнняў Прэзідэнта. Іх выкананне і было абмеркавана на сустрэчы з кіраўніком дзяржавы.

«Па выніках працы за 2020 год валавы рэгіянальны прадукт Магілёўскай вобласці склаў 100,9%. Гэта самы лепшы вынік па рэспубліцы», – сказаў губернатар журналістам.

Пры гэтым аб’ёмы вытворчасці прадукцыі сельскай гаспадаркі ва ўсіх катэгорыях гаспадарак павялічыліся на 5,5% у параўнанні з 2019 годам, у сельскагаспадарчых арганізацыях – на 8,8%. Аб’ём прамысловай вытворчасці ў вобласці перавысіў Br10 млрд, аб’ёмы вытворчасці выраслі на 3,4%. У тым ліку за кошт гэтых вынікаў заработная плата па вобласці павялічылася ў сярэднім на 13,2%.

Гаворачы аб развіцці паўднёва-ўсходніх рэгіёнаў вобласці, старшыня Магілёўскага аблвыканкама адзначыў, што ў цэлым яны спрацавалі нядрэнна. «Але яшчэ недастаткова, каб можна было б зраўняцца з сярэднеабласнымі паказчыкамі. Тая праграма, якая прынятая, дазволіць нам на працягу пяцігодкі выраўняць гэтыя паказчыкі і, можа быць, нават выйсці наперад», – упэўнены губернатар.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая