RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Тыдзень маці пройдзе ў Магілёўскай вобласці 12–18 кастрычніка

У Магілёўскай вобласці, як і па ўсёй рэспубліцы, напярэдадні Дня маці, якіштогод адзначаецца ў нашай краіне 14 кастрычніка, стартуе Тыдзень маці. Пра гэта паведамілі ў камітэце па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама.

Мэта мерапрыемства–прыцягнуць увагу да самай галоўнай у жыцці кожнага жанчыне, акружыць яе клопатам і цяплом, аказаць заслужаныя ўшанаванні, дапамагчы вырашыць праблемы, абмеркаваць пытанні аховы мацярынства і дзяцінства, здаровага ладу жыцця, павышэння прэстыжу моцнай сям’і.

Жанчыне, працаўніцы, ахоўніцы сямейнага ачага ў гэтыя дні будуць прысвячацца вершы, песні і музыка, словы ўдзячнасці, выставы, конкурсы, тэматычныя вечары, канцэрты. У рэгіёне запланаваны сустрэчы кіраўнікоў працоўных калектываў, старшыняў прафсаюзных камітэтаў, дэпутатаў, прадстаўнікоў грамадскасці з працаўніцамі, жанчынамі, узнагароджанымі ордэнамі і медалямі, удастоенымі звання заслужаных работнікаў розных галін народнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь, «круглыя сталы» з удзелам кіраўнікоў выканаўчых і распарадчых органаў улады, куды запрашаюцца розныя катэгорыі сем’яў і маці. Традыцыйна будзе арганізавана ўшанаванне сямейных працоўных дынастый «залатых» і «сярэбраных» юбіляраў, маладых шлюбных пар, віншаванні маладых маці з нараджэннем першынцаў.

Урачысты прыём адбудзецца і ў Магілёўскім аблвыканкаме ў сераду, 14 кастрычніка. Плануецца, што ў мерапрыемстве прыме ўдзел 30 жанчын з усяго рэгіёна, у тым ліку 10 шматдзетных маці, якія нарадзілі і выхавалі пяць і больш дзяцей.

У Камітэце па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама дадалі, што заканадаўствам Рэспублікі Беларусь забяспечваецца дзейснасць сістэмы сацыяльнай абароны маці і дзіцяці, якая ўключае эканамічныя, сацыяльныя, працоўныя гарантыі і правы, стварае канкрэтныя ўмовы для іх рэалізацыі.

Для сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей, прадугледжана 11 відаў дзяржаўных дапамог, якімі ў Магілёўскай вобласці ахоплена больш за 51 тыс.дзяцей.

Маці, якія нарадзілі пяць і больш дзяцей, і бацькам дзяцей-інвалідаў прадугледжваецца шэраг ільгот у пенсійным забеспячэнні: больш ранні выхад на пенсію па ўзросце; зніжаны патрабаванні да працягласці страхавога стажу для вызначэння права на датэрміновую пенсію па ўзросце. У Магілёўскай вобласці пенсію па ўзросце атрымлівае 3,9 тыс. шматдзетных маці (з іх не дасягнула агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту 414 чалавек) і 2,7 тыс. бацькоў дзяцей-інвалідаў (696 чалавек). 45 жанчын атрымлівае пенсіі за асаблівыя заслугі перад краінай, таму што нарадзілі і выхавалі дзевяць і больш дзяцей і ўзнагароджаныя адной з дзяржаўных узнагарод СССР або Рэспублікі Беларусь (ордэн Маці, «Медаль мацярынства», ордэн «Матчына слава», ордэн«Маці-гераіня»). Усяго ў рэгіёне ордэна Маці ўдастоены 1183 жанчыны, у тым ліку ў 2020 годзе – 131.

Суразмоўцы таксама паведамілі, што ў вобласці пражывае больш за 10,8 тыс. шматдзетных сем’яў. Працягваецца работа па рэалізацыі дадатковай меры іх падтрымкі–налічэнне «сямейнага капіталу» ў памеры $10 тыс. З 1 студзеня 2015 года ён прызначаны 9,4 тыс. сем’ям, прычым датэрміновае яго выкарыстанне дазволена 2,1 тыс. сем’ям, у тым ліку 1,9 тыс. – на паляпшэнне жыллёвых умоў.

Акрамя таго, у 2020 годзе аднаразовую матэрыяльную дапамогу да новага 2019/2020 навучальнага года атрымала 10,8 тыс. сем’яў, якія выхоўваюць 20,7 тыс. школьнікаў. На гэтыя мэты выдаткавана Br1596,1 тыс.

Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 18 мая 2020 г. №171 «Аб сацыяльнай падтрымцы асобных катэгорый грамадзян» прадугледжана павелічэнне для шматдзетных сем’яў перыяду прадастаўлення дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі ў выглядзе штомесячнай сацыяльнай дапамогі з 6 да 12 месяцаў, а таксама павелічэнне крытэрыю патрэбнасці са 100 да 115% бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва, дадалі ў камітэце па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая