RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У аснову сацыяльна-эканамічнай палітыкі краіны пакладзены інтарэсы простага чалавека – Людміла Здорыкава

У аснову сацыяльна-эканамічнай палітыкі краіны пакладзены інтарэсы простага чалавека. Такое меркаванне выказала член Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў Людміла Здорыкава.

«На мой погляд, праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на пяцігодку гэтым разам адрозніваецца ў пэўнай ступені інавацыйнасцю і распрацавана з улікам менавіта тых выклікаў, якія ў апошні час ставіць перад намі жыццё. Гэта грамадска-палітычная і эканамічная сітуацыя не толькі ў нас у краіне, але і ва ўсім свеце. Наступны момант, на які хацелася б звярнуць увагу, што ў аснову сацыяльна-эканамічнай палітыкі нашай краіны ў першую чаргу пакладзены інтарэсы простага чалавека. І ў ёй вельмі выразна вылучаюцца пытанні аховы здароўя, адукацыі, будаўніцтва жылля, развіцця інтэлектуальнага патэнцыялу, рост рэальных даходаў нашага насельніцтва», – расказала Людміла Здорыкава.

Адным з прыярытэтаў пяцігодкі будуць моцныя рэгіёны. «Праграма накіравана на тое, каб узровень жыцця ў малых гарадах нічым не адрозніваўся ад сталіцы і абласных цэнтраў. Гэта будаўніцтва жылля, развіццё інфраструктуры, замацаванне маладых спецыялістаў. Як педагога мяне вельмі радуе, што яшчэ адзін важны прыярытэт праграмы –шчаслівая сям’я. Вялікае значэнне нададзена сямейнай палітыцы, пытанням захавання традыцыйнай сям’і, падтрымцы маладых сем’яў і сем’яў з дзецьмі», – адзначыла яна.

Людміла Здорыкава падкрэсліла, што VI Усебеларускаму народнаму сходу папярэднічала вялікая падрыхтоўчая праца. «І гэта, напэўна, з’яўляецца адной з яго адметных рыс. Па ўсёй краіне ў вялікай колькасці праходзілі дыялогавыя пляцоўкі, розныя грамадскія абмеркаванні, працавалі прыёмныя. У іх рабоце прымала ўдзел вялікая колькасць людзей. Выказаць сваё меркаванне, завастрыць увагу на нейкіх актуальных надзённых праблемах –такая магчымасць была абсалютна ў кожнага. І я ведаю, што менавіта гэтая падрыхтоўчая праца значна пашырыла парадак Усебеларускага народнага сходу, і пытанні, якія будуць абмяркоўвацца, ішлі менавіта ад народа, ад зямлі. Усе гэтыя прапановы былі прааналізаваныя, парадак дня УНС грунтуецца менавіта на рэальных прапановах рэальных людзей», – дадала дэпутат.

VI Усебеларускі народны сход пройдзе 11–12 лютага ў Мінску. На абмеркаванне ўдзельнікаў будуць вынесеныя асноўныя палажэнні Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2021–2025 гады і напрамкі грамадска-палітычнага развіцця краіны. Агульная колькасць удзельнікаў і запрошаных складзе 2,7 тыс.чалавек.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая