RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Бабруйскім раёне 27 чэрвеня адбудзецца грандыёзная ваенна-гістарычная рэканструкцыя

Бабруйскі раён чакае грандыёзная падзея, якая па сваіх маштабах саступае толькі мерапрыемствам, якія праводзяцца ў Брэсцкай крэпасці. У нядзелю, 27 чэрвеня, за 1,3 км на паўночны ўсход ад вёскі Шчаткава пройдзе ваенна-патрыятычны злёт «Бабруйскі кацёл», у якім прыме ўдзел каля 30 ваенна-гістарычных клубаў. Кульмінацыяй стане рэканструкцыя захопу і ўтрымання пераправы і плацдарма на заходнім беразе Бярэзіны. Яркае шоу зможа свабодна наведаць любы жадаючы. Будзе задзейнічана больш за 10 адзінак гістарычнай ваеннай тэхнікі – танкі, артылерыя, аўтамабілі, матацыклы, вялікая колькасць піратэхнічных эфектаў і інш.

Як расказаў начальнік вайскова-гістарычнай установы «Клуб баявой славы» Аляксей Шульга, падчас мерапрыемства будуць інсцэніраваны падзеі, якія адбываліся на тэрыторыі Бабруйскага раёна 28–29 чэрвеня 1944 года. У гэты час у месцы пераправы праз Бярэзіну ў Шчаткава замкнуўся Бабруйскі кацёл. На высокіх маляўнічых берагах, дзе рака дае лукавіну, грымелі жорсткія баі за ўладанне мостам, які злучаў у гэтым месцы два берагі Бярэзіны. Немцы, якія апынуліся ў акружэнні, кідаліся ў пошуках слабага месца ў нашай абароне. Перабрацца на ўсходні бераг ракі яны маглі толькі праз Шчаткаўскі мост. Гэту пераправу пачалі штурмаваць. Разгарэліся цяжкія кровапралітныя бітвы. Бой за Шчаткаўскі мост стаў завяршальным этапам пераможнай Бабруйскай наступальнай аперацыі, якая прадвызначыла далейшы імклівы поспех аперацыі «Баграціён» як найбуйнейшай у гісторыі чалавецтва.

Каля Шчаткаўскага моста ў вельмі цяжкіх умовах воіны здзейснілі вялікі подзвіг, за які 8 чалавек былі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза, два з іх – пасмяротна.

«Наша задача – максімальна праўдзіва паказаць падзеі, якія адбываліся ў канцы чэрвеня 1944 года, каб прыцягнуць увагу грамадскасці да памятнай даты вызвалення Бабруйскага раёна і горада Бабруйска. І, вядома, гэта захаванне гістарычнай памяці аб подзвігу вайскоўцаў Чырвонай Арміі і савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне», – падкрэсліў Аляксей Шульга.

Арганізатарамі злёту выступаюць Бабруйскі раённы выканаўчы камітэт, ваенна-гістарычная ўстанова «Клуб баявой славы» пры падтрымцы Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь і шэрагу спонсараў.

tribunapracy.by

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая